Чым цікавы кругласутачны спартыўна-аздараўленчы лагер у Васілішках? Даведаемся разам!
Спартыўныя і актыўныя хлопчыкі і дзяўчынкі адпачываюць у кругласутачным спартыўна-аздараўленчым лагеры “Алімпія”, які дзейнічае на базе Васілішкаўскай СШ.
– Усе рабяты, што сабраліся ў “Алімпіі”, а іх цэлая сотня, займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, – расказвае дырэктар лагера Віктар Юзэфавіч Шымановіч. – Такім чынам, і тут працягваецца вучэбна-трэніровачны працэс, а хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць займацца спортам. Дарэчы, і спартыўная база ў школе выдатная: стадыён, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, а таксама пляцоўка са штучным пакрыццём, спартыўная зала і басейн. Трэніроўкі ў лагеры праводзяцца па трох відах – футбол, лёгкая атлетыка і гандбол – і да абеду, і ў другой палове дня. Кожны дзень, акрамя аўторка, спартсмены наведваюць басейн. Разам з тым праходзяць і культурна-масавыя мерапрыемствы: розныя конкурсы, дыскатэкі… Для рабят арганізавана шасціразовае харчаванне. Бытавыя ўмовы для юных спартсменаў таксама створаны.
Практычна ўсёй гандбольнай камандай прыехалі адпачываць у лагер выхаванцы трэнера-выкладчыка ДЮСШ Івана Іванавіча Васюка, якія літаральна два тыдні назад вярнуліся з рэспубліканскіх спаборніцтваў, дзе занялі чацвёртае месца. Улічваючы, якія сур’ёзныя сапернікі ім дасталіся, хлопчыкі 2006-2007 гадоў нараджэння выступілі дастойна!
– У лагеры я хачу не толькі адпачыць і ўмацаваць сваё здароўе, але і навучыцца яшчэ лепш гуляць у гандбол, – гаворыць капітан каманды Юсцін Сосна, які ўжо трэці год займаецца ў спартыўнай школе. – Мне тут усё вельмі падабаецца, і спорт я вельмі люблю.
З задавальненнем адпачывае ў лагеры і заядлы футбаліст Стас Арабчык, які, дарэчы, нядаўна пабываў на праглядзе ў гродзенскім футбольным клубе “Нёман” і стаў кандыдатам у склад каманды для прафесійных заняткаў футболам.
– Ужо сем год я наведваю спартыўную школу і гуляю ў футбол, – гаворыць Стас. – А трапіць у вялікі спорт – гэта мая самая вялікая мара. У лагеры – здорава! Правільнае спартыўнае харчаванне, рэжым дня, трэніроўкі, плаванне – прадугледжана ўсё, каб нам было камфортна адпачываць.
Арцём Здановіч прыехаў у Васілішкі з Ражанкаўскай школы, на базе якой праводзіць заняткі трэнер Шчучынскай ДЮСШ Сяргей Эдуардавіч Менскі. Хлопчык таксама захапляецца футболам.
– Учора запальваў на дыскатэцы – здорава было! – гаворыць Арцём. – Класна так адпачываць: і спортам ёсць магчымасць займацца, і ў басейне плаваць, і патанцаваць! Кормяць нас таксама выдатна: і фрукты даюць, і вітаміны, і слодычы розныя.
Хто – у футбол, хто – у гандбол, а дзяўчаты трэніруюцца танцаваць флэшмоб. Яны размясціліся на пляцоўцы перад уваходам у школу і адпрацоўвалі сінхронныя рухі пад музыку. І трэба сказаць, атрымлівалася нядрэнна.
Наперадзе ў спартсменаў – яшчэ многа гадзін трэніровак і дзён адпачынку ў лагеры. Няхай яны будуць самымі яркімі і запамінальнымі.
* * *
Акрамя спартыўна-аздараўленчага лагера ў Васілішкаўскай школе ў гэтыя дні працуюць яшчэ два лагеры – з дзённым знаходжаннем для дзяцей 1-4 класаў і працоўны – для вучняў восьмых і дзявятых класаў.
– У нас адпачываюць 45 дзетак, – расказвае дырэктар лагера “Дружба” Ганна Зыгмундаўна Маркевіч. – Для іх распрацаваны спецыяльны праект “З чаго пачынаецца Радзіма” – усе мерапрыемствы праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Разам з дзеткамі мы знаёмімся з Васілішкамі і адкрываем нешта новае. Кожны дзень вывучаем мясцовыя традыцыі, песні, танцы, кухню, успамінаем знакамітых землякоў. Для дзяцей таксама запланавана экскурсія ў Гродзенскі заапарк.
Працоўны лагер “Праметэй” наведваюць 29 школьнікаў – вучні 8-9 класаў.
– Рабяты займаюцца праполкай зерневых культур у ААТ “Васілішкі”, – гаворыць дырэктар лагера Ірына Тадэвушаўна Вашчыла. – Акрамя гэтага, ім яшчэ прадстаіць палоць кукурузу. Кожны дзень хлопцы і дзяўчаты знаходзяцца ў полі па чатыры гадзіны. Пасля абеду для школьнікаў прадугледжаны культурна-масавыя мерапрыемствы.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.