Чэмпіён “Шчучынскай дзясяткі” вызначаны! У Шчучыне прайшоў традыцыйны легкаатлетычны прабег
Традыцыйна ў рамках святкавання Дня Перамогі ў Шчучыне прайшоў раённы легкаатлетычны прабег “Шчучынская дзясятка”. Сёлета спаборніцтвы ладзіліся пяты юбілейны раз і сабралі агулам больш за 110 атлетаў з розных куткоў Беларусі.
Першымі на дыстанцыю выйшлі маладыя спартсмены. Яны беглі два кіламетры і для многіх гэта быў першы сур’ёзны старт у жыцці. Траса праходзіла па гарадскіх вуліцах і каля возера. Такім чынам, шчучынцы і госці нашага горада змаглі не толькі прабегчы дыстанцыю, але і пазнаёміцца з галоўнымі славутасцямі Шчучына.
Радасна, што сёння на вуліцах Шчучына ў прабегу прымалі ўдзел цэлыя сямейныя калектывы. Так, галава сямейства Дзмітрый Дзятчык з Гродна пазнаёміў нас са сваёй камандай:
– Малодшаму сыну ў гэтым годзе будзе пяць гадоў, для яго гэта быў першы ў жыцці забег на 2 кіламетры. Сярэдняй дачцэ Валерыі 7 гадоў і старэйшай Эрыцы – чатырнаццаць. Мы прабеглі малую дыстанцыю, а наша мама прабяжыць усю “Шчучынскую дзясятку”. Увогуле, мы з жонкай Юліяй з 2020 года займаемся бегам на аматарскім узроўні. Ужо некалькі разоў бралі ўдзел у Мінскім паўмарафоне, бегаем таксама на замежных і рэгіянальных стартах. Шчучын прыгожы горад, мы радыя сюды прыязджаць. Асабіста я некалькі гадоў тут пражыў, калі працаваў па размеркаванні пасля ўніверсітэта, таму гэта не чужое для мяне месца.
Па традыцыі, галоўнай інтрыгай спартыўнага дня стаў забег на дзесяць кіламетраў. Яго прызёрамі былі пераможцы розных узроставых катэгорый. Асобнай узнагароды былі вартыя чэмпіёны. Сярод жанчын першай прыбегла Алёна Занчурына.
Першым сярод мужчын і абсалютным чэмпіёнам сёлетняй “Шчучынскай дзясяткі” стаў Дзяніс Халько з Гродна. Ён падзяліўся з намі сваімі эмоцыямі:
– Удзельнічаю ў “Шчучынскай дзясятцы” ўжо трэці год. Да гэтага прабегу займаў выключна другія месцы, а сёння мне пашанцавала і я заваяваў залаты медаль. Раней займаўся бегам прафесійна, за апошнія пяць гадоў перайшоў на аматарскі ўзровень. Бегаю для сябе, таму вялікіх мэтаў не стаўлю. Прыемна быць пераможцам, хачу адзначыць высокі ўзровень арганізацыі спаборніцтваў, выдатную атмасферу на вуліцах горада, тут прыемна бегаць.
Падзяліўся з намі сваімі думкамі пра арганізацыю і правядзенне спаборніцтваў іх галоўны суддзя Віктар Лісоўскі:
– Арганізоўваць “Шчучынскую дзясятку” дапамагалі абласныя і раённыя ўстановы, асаблівую падзяку хачу выказаць дырэктару раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Віктару Струкелю. Вялікую дапамогу пры правядзенні спаборніцтваў аказалі валанцёры, большасць з іх – студэнткі, выпускніцы гімназіі горада Шчучына, якія не забываюць малую радзіму і заўсёды гатовыя дапамагчы. Сёлета на дыстанцыі 2 кіламетры беглі 40 чалавек, “дзясятку” адолелі 75 спартсменаў. Гэта салідныя лічбы для такога горада, як Шчучын. Вельмі радуе, што гэта быў юбілейны пяты прабег, спадзяваюся, гэтая слаўная традыцыя будзе жыць у нашым горадзе і далей.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.