Час выбраў іх. У Шчучыне адзначылі 30-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана
Мінула 30 гадоў, як скончылася афганская вайна, якая доўжылася з 25 снежня 1979 года па 15 лютага 1989 года. Менавіта 15 лютага 1989 года апошняя калона савецкіх войскаў пакінула Афганістан. Сярод тых, хто прайшоў усе нягоды і выпрабаванні афганскай вайны, праяўляў адвагу і самаадданасць у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, было шмат нашых землякоў.
У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на мітынг ля памятнага знака сабралася мноства людзей: прадстаўнікі раённай улады і працоўных калектываў, моладзь, ветэраны Узброеных Сіл і, безумоўна, яны – тыя, хто прайшоў пекла Афгана, у чый гонар стаіць у скверы насупраць школы незвычайны памятны знак з высечаным на камяні надпісам: “Салдатам неаб’яўленай вайны”.
Адкрываючы мітынг, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта адзначыла, што на працягу амаль дзесяці гадоў нашы суайчыннікі ўдалечыні ад дома выконвалі святы абавязак сапраўдных воінаў і мужчын – абараняць слабых і абяздоленых, змагацца за мір і справядлівасць. Многія з тых, хто прайшоў скрозь гэтае няпростае выпрабаванне, з гонарам пранёс баявы сцяг пад кулямі і снарадамі, вытрымаў экзамен на мужнасць і чалавечнасць, і сёння працягваюць працаваць на карысць Радзіме. У нашай памяці назаўжды застануцца імёны землякоў, якія не змаглі вярнуцца жывымі да сваіх сем’яў. Для нас яны навечна сталі сімвалам бездакорнага служэння Айчыне і вернасці воінскай прысязе.
Над памятным знакам навісае цішыня: хвіліна маўчання ў памяць аб загінуўшых земляках. Юрый Астаповіч, Сяргей Мацюк, Дзмітрый Удот, Генрых Хрыптовіч, Юрый Пятроў, Канстанцін Фальковіч… Гэтыя імёны моладзь паўтарае штогод на традыцыйным мітынгу, а ў гэты час з партрэтаў на нас глядзяць сумныя вочы іх – жывых і вечна маладых воінаў, якіх, у здавалася б, мірны час забрала вайна.
– Яны былі маладыя, але нялёгкія выпрабаванні хутка прымусілі пасталець, навучылі шанаваць сяброў, яшчэ больш любіць родных і блізкіх. Мы, маладое пакаленне 21 стагоддзя, схіляем галовы перад светлай памяццю нашых землякоў, – гаворыць першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Цынгалёва. І да гэтых слоў сэрцам далучаюцца ўсе, хто прыйшоў на мітынг з чырвонымі гваздзікамі і памятнымі вянкамі. Ветэраны вайны ў Афганістане разам з моладдзю запальваюць 30 свечак як сімвал года, які аддаляе нас ад тых падзей, сімвал памяці аб тых, каго няма сёння з намі, хто навечна застаўся маладым.
Звяртаючыся да ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане А.П. Місюк падкрэсліў, што афганскія падзеі не бясследна прайшлі для нашай зямлі. 15 лютага - гэта не толькі дзень памяці загінуўшых, але і выказванне глыбокай удзячнасці ўсім, хто вярнуўся дамоў. Тым, хто сумленна выканаў свой абавязак. Артур Пятровіч падзякаваў воінам-інтэрнацыяналістам за мужнасць, стойкасць і ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі.
Стала добрай традыцыяй, што ў гэты дзень на гэтым памятным месцы маладым людзям, якія ўступілі ў рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, уручаюцца членскія білеты. Гэту пачэсную місію выканала намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта.
Дзясяткі вянкоў, сотні кветак афарбавалі падмурак помніка “Салдатам неаб’яўленай вайны” - красамоўны доказ таго, што памяць пра герояў той вайны, мужных салдатах Айчыны, жывая.
Затым мерапрыемствы, прысвечаныя 30-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, прадоўжыліся ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк павіншавала ўсіх з гэтай знамянальнай датай і ўручыла Ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета дэпутатаў ветэранам вайны ў Афганістане за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Шчучынскага раёна, асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Сярод узнагароджаных - У.М. Богдзель, І.С. Кашлей, Д.У. Саўрас, А.П. Місюк, А.К. Ануфрык і М.І. Дзежыц. Выступіў і ўручыў юбілейныя медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” ваенны камісар раёна падпалкоўнік А.Г. Гайдук.
Завяршылася ўрачыстасць канцэртам духавога аркестра Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Вячаслава Альфрэдавіча Матука.
Па традыцыі ў гэты дзень воіны-інтэрнацыяналісты і прадстаўнікі ваенкамата наведалі магілы загінуўшых афганцаў і ўсклалі кветкі. Памяць пра воінаў-інтэрнацыяналістаў сапраўды жыве ў сэрцах беларусаў. Мемарыялаў, помнікаў, музеяў, куткоў памяці, прысвечаных нашым суайчыннікам, якія з гонарам і годнасцю выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, з кожным днём становіцца ўсё больш. А значэнне подзвігу, здзейсненага героямі афганскай вайны, з гадамі мы ўсведамляем ўсё глыбей.
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.