Чароўныя гузікі камінара і лялечны тэатр

 

Ці ведаеце вы, што патрэбна, каб і вучням, і настаўнікам запомніліся канікулы? Аказваецца, зусім нямнога. Добрыя сябры, цудоўны настрой і жаданне падарожнічаць.  Усё гэта найлепшым чынам паспрыяла таму, што мы, вучні і настаўнікі, задумалі і ў апошні дзень асенніх канікул здзейснілі экскурсійную паездку ў горад Гродна.

 

Спачатку мы адправіліся ў аглядную экскурсію па горадзе, пабывалі каля дома-музея Элізы Ажэшка, у іншых памятных мясцінах абласнога цэнтра.  

 

 

Затым наведалі музей гісторыі пажарнай службы. Цікавы аповед экскурсавода з першых хвілін зацікавіў слухачоў. Асабліва запомніліся вучням невядомыя факты пра сродкі і спосабы апавяшчэння аб пажары, якімі карысталіся гараджане, калі не было сучаснай і звыклай нам сувязі. Уразіў слухачоў і касцюм тагачаснага пажарнага, у якім ужо тады былі прадуманы спосабы абароны агняборцаў ад гібелі і траўмаў. Найбольш каларытным у музейнай экспазіцыі выглядаў камінар. Яго паслугі былі запатрабаваны ў мінулым стагоддзі, калі было пячное ацяпленне жылых дамоў. Вобраз камінара рамантызаваны. Аказваецца, калі пацерці пэўны гузік на яго ўбранні (а ўсяго іх магло быць 8 або 12), то збудзецца пэўнае жаданне. Вядома ж, мы не ўтрымаліся ад такой спакусы і на ўсе гузікі загадалі пра шчасце, здароўе і поспехі ў вучобе.  Напрыканцы экскурсіі вучні паўтарылі правілы пажарнай бяспекі.

 

 

У Гродзенскім лялечным тэатры нас захапіў яго інтэр’ер. Цудоўная зала, прыгожыя карціны, выявы фотаздымкаў па матывах лялечных пастановак.  Тэатр мае даўнюю і багатую гісторыю. Пачатак тэатру паклаў знакаміты гістарычны дзеяч Антоній Тызенгаўз. Удзячныя нашчадкі, акцёры і рэжысёры прыклалі шмат намаганняў, каб тэатр існаваў і развіваўся. Асаблівы гонар тэатра – музей лялек. Каго там толькі не ўбачылі! І Папялушку, і Бабу Ягу, і Ката… Усе героі ў прыгожым убранні. Здаецца, вось-вось яны спусцяцца са сцяны і пойдуць з табой на тэатральную сцэну. З кожным лялечным героем звязана свая гісторыя пастаноўкі. Вельмі спадабалася вучням, калі нам дазволілі самім кіраваць лялькамі. Гэта было цудоўна. Лялькі ажылі: яны рухаліся, мянялі выраз твару, усміхаліся, заплюшчвалі вочы. У нас з’явілася жаданне ў наступны раз наведаць лялечны тэатр і паглядзець сапраўднае прадстаўленне.

 

 

Таму не за доўгім часам мы зноў адправімся ў дарогу, каб набыць новыя ўражанні.

 

Людміла КЛІМЕЦ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “НПК Першамайскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!