Чаму на Вялікдзень яйкі фарбуюць? Пра тое ведаюць шчучынскія захавальніцы народных традыцый, якія гатовы даць майстар-клас па стварэнні маленькіх святочных шэдэўраў (+ ВІДЭА)

Фарбаваныя яйкі – асаблівы і сімвалічны атрыбут. Існуе шмат версій, адкуль з’явіўся звычай іх фарбаваць.

 

У адной з іх гаворыцца, што карані гэтай традыцыі пайшлі з гісторыі аб пасвячэнні рымскага ўладара Тыберыя ў хрысціянскую веру. Пасля ўваскрэсення Збавіцеля да імператара прыйшла Марыя Магдаліна і са словамі “Хрыстос уваскрэс!” паднесла ў якасці сціплага дару простае яйка. Але Тыберый не паверыў і адказаў, што хутчэй гэта яйка стане чырвоным, чым мёртвыя пачнуць ажываць.

 

Магдаліна пакорліва прамаўчала, а ўжо праз імгненне ўся тронная зала напоўнілася здзіўленымі воклічамі. Яйка на далоні Марыі набыло чырвоны колер. Ашаломлены імператар на імгненне замёр, а затым вымавіў: “Сапраўды ўваскрэс Ён!” Гэтае цудоўнае ператварэнне звычайнага яечка ў чырвонае сярод вернікаў лічыцца доказам Боскай сілы. З тых часоў фарбаваныя яйкі абавязкова прысутнічаюць на ўрачыстай трапезе як напамінак аб адраджэнні Хрыста.

 

У розных мясцовасцях са старажытных часоў ёсць свае адметныя, уласцівыя толькі гэтай тэрыторыі, варыянты афарбоўкі яек. З гэтай мэтай выкарыстоўваюць любыя яйкі – курыныя, качыныя, гусіныя, індычныя, але ў розных рэгіёнах спосаб афарбоўкі свой. Апроч найпрасцейшага, існуюць больш складаныя падыходы, і тады ўжо яйка ператвараецца ў сапраўдны твор мастацтва. Такія па-майстэрску ўпрыгожаныя яйкі называюць пісанкамі.

 

 

Абраны малюнак наносяць на шкарлупіну гарачым воскам або парафінам пры дапамозе вострага сталёвага цвіка ці шпількі, а затым афарбоўваюць яе ў халодным растворы фарбавальніка, наносяць наступны малюнак і зноў афарбоўваюць. Так робяць, пакуль не атрымаюць канчатковы вынік. Гэты спосаб самы працаёмкі, і трэба мець пэўныя навыкі, каб распісаць яйка ў тэхніцы пісанкі.

 

 

У нашай Гродзенскай вобласці знакамітыя сапоцкінскія пісанкі – гонар не толькі жыхароў аграгарадка Сапоцкін, але і ўсяго Прынеманскага краю. У 2013 годзе сапоцкінскія пісанкі атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі!

 

Два спосабы афарбоўвання яек, якія часцей за ўсё сустракаліся ў нашым Шчучынскім раёне, – гэта драпанка (або шкрабанка) і фарбаванка. Шкрабанка больш арганічна глядзіцца на яйках, афарбаваных прыроднымі фарбавальнікамі. Зваранае ўкрутую яйка афарбоўваюць у адзін тон, а пасля высыхання на ім выдрапваюць узор металічным пяром або іголкай. Такое афармленне нагадвае марозныя ўзоры на шыбах і глядзіцца проста чароўна!

 

 

Фарбаванкі – самы просты спосаб афарбоўкі яек у адзін тон натуральнымі або штучнымі фарбавальнікамі. У якасці натуральнага фарбавальніка выкарыстоўваюць шалупінне цыбулі, чайную заварку, бурачны адвар. Дадаткова можна зрабіць аплікацыю, напрыклад, з лістка пятрушкі ці любой іншай зеляніны, якая ёсць у гэты час. Яйкі пры гэтым атрымліваюцца проста шыкоўнымі. Малюнкі выкарыстоўваюць не толькі для ўпрыгожвання стала, але і для гульняў падчас велікоднага тыдня. Сярод іншых ёсць і такая забаўка, як катанне фарбаваных яйкаў, а варанае, як правіла, коціцца і круціцца значна хутчэй, чым сырое.

 

 

У нашым аддзеле рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва для жадаючых навучыцца рабіць драпанку (шкрабанку) спецыялісты праводзяць майстар-клас. Тут можна набыць сувеніры для сваіх родных і блізкіх, для ўпрыгожвання святочнага стала.

 

 

Велікодная нядзеля – асаблівае свята. І правесці яго таксама трэба па-асабліваму – радасна і дабрадушна. У гэты дзень няма месца дрэннаму настрою і смутку: увесь свет радуецца цудоўнаму Уваскрэсенню Хрыста! І мы таксама жадаем вам правесці Светлы Вялікдзень з усмешкай на вуснах, у асяроддзі сям’і і блізкіх. Весяліцеся, хадзіце ў госці, дарыце адзін аднаму падарункі. І няхай дні вашы заўжды будуць напоўнены вясновым цяплом і шчаслівым смехам!

 

 

Вольга КАРАНКЕВІЧ, загадчыца аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ.
Фота і відэа Таццяны СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!