Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка адзначана ў рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь”
Нядаўна ў Мінску прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 21 Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь”. Сёлета на конкурс было даслана 830 заявак у трынаццаці намінацыях. Мерапрыемства сабрала людзей турыстычнай сферы, папулярызатараў культуры і гісторыі з усіх рэгіёнаў краіны, сярод іх былі і прадстаўнікі Шчучынскага раёна.
У гэтым годзе ўпершыню на конкурсе вызначаўся “Аб’ект рэлігійнага турызму года”. Пераможцам намінацыі стаў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, што знаходзіцца ў Слонімскім раёне. Таксама ў гэтай намінацыі была адзначана царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна. З рук намесніка Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргея Герасімені ганаровую грамату і памятны прыз атрымаў настаяцель мураванкаўскай царквы іерэй Алег Засім. Гэтая падзея ў чарговы раз даказвае значнасць славутасцяў Шчучынскай зямлі ў маштабе краіны.
Сярод крытэрыяў ацэнкі рэлігійных аб’ектаў арганізатары конкурсу адзначылі іх актуальнасць і значнасць для развіцця і прасоўвання турызму, таксама ўлічвалася колькасць прынятых турыстаў і праведзеныя мерапрыемствы.
Нагадаем, што ў наступным годзе царква Раства Прасвятой Багародзіцы адзначыць свой 500-гадовы юбілей. Сёлета завяршылася рэстаўрацыя знешняга фасада царквы, святыня задыхала па-новаму. Аднак да ладу ўсё яшчэ трэба давесці інтэр’ер храма, пасля чаго наша славутасць па праву зможа прэтэндаваць на званне лепшага аб’екта рэлігійнага турызму ў краіне.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.