Быў інтэрнат – стане 8-кватэрны дом

У стадыі рэканструкцыі не толькі СШ №2 г. Шчучына, але і будынак прышкольнага інтэрната. Наконт апошняга раённая ўлада прапанавала свежае рашэнне для замацавання кадраў: інтэрнат неўзабаве трансфармуецца ў жылы дом на 8 малагабарытных кватэр для маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць працаваць у наш раён.

 

Па задумцы праекціроўшчыкаў, палова гэтага жылля – модныя кватэры-студыі, падзеленыя на зоны, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў моладзі. Прадугледжаны і класічныя дзвюхпакаёўкі. 

 

У рэканструяваным доме таксама плануюцца памяшканні агульнага карыстання, дзе можна будзе ўстанавіць пральныя машыны і адвесці зону для прасавання бялізны. А яшчэ тут будзе гасцёўня: у вольны час моладзь зможа сабрацца разам за кубачкам кавы, каб штосьці абмеркаваць і пагутарыць.

 

Рэалізаваць цікавы праект даручана комплекснай рамонтна-будаўнічай брыгадзе №3 РУП ЖКГ пад кіраўніцтвам маладога майстра Дзяніса Аляксандравіча Кавальчука.

 

– Мы правялі ўжо шэраг дэмантажных работ, зрабілі вентшахты, устанавілі наслонную кроквенную сістэму, а ў бліжэйшы час накрыем дах металапакрыццём і заменім у будынку вокны на энергазберагальныя шклопакеты, – гаворыць Дзяніс Аляксандравіч. – Наперадзе – пракладка новых інжынерных сетак і ўцяпленне фасада будынка. Вялікая праца чакае і пры правядзенні ўнутраных работ. Да прыкладу, перагародкі будуць узведзены з цэглы і гіпсакардонных лістоў, што зробіць іх гукаізаляцыйнымі.

 

Як заключны этап – ля рэканструяванага дома па вуліцы Савецкай, 35а будзе праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі. Будаўнікі праложаць тратуарныя дарожкі, засеюць газоны, установяць новую агароджу. Па ўсім відаць, што жыць тут будзе прыемна і камфортна.

 

Дарэчы, паралельна комплексная брыгада майстра Д.А. Кавальчука вядзе капітальны рамонт дамоў па вуліцах Астроўскага, 2 і Камсамольскай, 24 у Шчучыне, рыхтуе пляцоўкі для модуляў станцый па абезжалезванні вады ў аграгарадках Ляшчанка і Ражанка. Словам, у раёне многае робіцца для паляпшэння якасці жыцця нашых жыхароў.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!