Бяспечнае лета ў прыярытэце. У Шчучыне прайшло абследаванне дзіцячых пляцовак на адпаведнасць нормам бяспекі
Лета – пара канікулаў, а гэта значыць, што дзеці многа часу бавяць на вуліцы. Сапраўднымі месцамі прыцягнення для іх становяцца дзіцячыя пляцоўкі ў дварах дамоў. Наколькі яны бяспечныя для маленькіх наведвальнікаў і як зменшыць рызыку дзіцячага траўматызму ў летні перыяд? Гэтымі пытаннямі задалася камісія па абследаванні стану абсталявання на дзіцячых гульнявых пляцоўках у Шчучыне.
Камісія ў складзе супрацоўнікаў РУП ЖКГ і ЦГЭ на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Таццянай Цюсінай наведала шэраг дзіцячых пляцовак у розных мікрараёнах горада. Падчас абследавання высветлілася, што частка такіх пляцовак не адпавядае патрабаванням бяспекі. Асобнае абсталяванне знаходзіцца ў аварыйным стане, дзесьці не абкошана тэрыторыя. Асаблівую небяспеку ўяўляюць для дзяцей цвікі, якія тырчаць з лаваў і арэляў.
На некаторых гульнявых пляцоўках абсталяванне маральна састарэла, альбо зламанае. Таксама да праблемы можна аднесці наяўнасць на пляцоўках элементаў не да канца дэмантаваных арэляў і каруселяў.
Па выніках абследавання былі вызначаны асноўныя праблемныя моманты, якія ў найбліжэйшы час будуць вырашацца сіламі работнікаў РУП ЖКГ.
– Падчас ранейшых праверак гульнявых пляцовак было знойдзена шмат парушэнняў. Таму ўзнікла неабходнасць паглядзець, наколькі яны выпраўлены, – адзначыла Таццяна Цюсіна. – Так, дзесьці былі пастаўлены новыя аб’екты – лавы, альтанкі, але працы яшчэ хапае. Галоўнае – выправіць недахопы, якія тычацца бяспекі дзяцей. Цвікі, што тырчаць, – недапушчальныя на дзіцячых пляцоўках. Няправільна ўсталяваная пясочніца таксама можа прывесці да траўмаў. Вельмі парадавалі новыя гульнявыя комплексы, якія мы бачылі ў дварах на вуліцы Заводскай. Аднак вельмі важна, каб жыхары нашага горада беражліва адносіліся да дзіцячага абсталявання, не ламалі яго.
Гульнявыя пляцоўкі з’яўляюцца важным чыннікам рэалізацыі права дзяцей на адпачынак, яны забяспечваюць іх паўнавартаснае фізічнае і разумовае развіццё, выступаюць сродкам сацыялізацыі дзяцей. Таму ўтрыманню гэтых аб’ектаў у належным стане павінна надавацца павышаная ўвага.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.