Бярыце прыклад! Даведаліся, дзе наводзілі парадак і садзілі дрэвы ў Васілішкаўскім сельсавеце
20 красавіка ў Беларусі аб’яўлены рэспубліканскі суботнік. Лагічна, што ў юбілейны год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў заробленыя на суботніку грошы будуць пералічаны на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў і месцаў баявой і воінскай славы. Па добрай традыцыі людзі талакою выйдуць, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол помнікаў і абеліскаў загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны землякам, навесці належны парадак на вуліцах родных гарадоў і пасёлкаў, упрыгожыць новымі пасадкамі мясціны агульнага карыстання.
Вельмі многае ўжо зроблена ў рамках суботніка на тэрыторыі Васілішкаўскага сельсавета.
– Мы працуем у дружным тандэме з калектывам ААТ “Васілішкі”, а таксама з вучнямі і настаўнікамі нашых школ, – гаворыць старшыня сельвыканкама Нэлі Вальшчук. – Загадзя вызначылі фронт работ, размеркавалі абавязкі, а таму дзейнічалі зладжана і эфектыўна. Вынікі радуюць і саміх удзельнікаў суботніка, і ўвогуле ўсіх жыхароў аграгарадка.
Так, супрацоўнікі сельвыканкама разам з работнікамі аграпрадпрыемства высадзілі ў цэнтры Васілішак ля помніка землякам, што абаранялі Радзіму, маладзенькія туі. А ў скверы ля помніка ахвярам фашызму, дзе падчас Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны мірныя жыхары, з’явілася новая алея з 30 ялін.
Праведзены работы па ўборцы тэрыторый вакол абеліскаў у вёсках Лычкаўцы і Шайбакі. Дарэчы, тут да дарослых далучыліся школьнікі як Васілішкаўскай, так і Галавічпольскай СШ.
Не абышла моладзь сваёй увагай і знакавую вёску Стары Двор, дзе пахавана славутая беларуская пяснярка Алаіза Пашкевіч. На магіле Цёткі вучні і прадстаўнікі сельвыканкама таксама навялі парадак.
Свой чарговы праект з дапамогай работнікаў ААТ “Васілішкі” рэалізаваў загадчык Стара-Васілішкаўскага клуба-музея Уладзімір Сянюта. Тут абапал новай аўтастаянкі энтузіясты высадзілі 25 туй.
– Праводзіцца актыўная работа з насельніцтвам сельсавета, – зазначае Нэлі Вальшчук. – Падчас месячніка па добраўпарадкаванні населеных пунктаў кожны павінен ўнесці свой уклад, каб акуратнымі і чыстымі былі не толькі ўласныя падворкі вяскоўцаў, але і ўвогуле квітнелі нашы вуліцы, каб прыгожай была наша родная зямля.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.