Будаўніцтва пад кантролем. Даведаліся аб выніках працы за мінулы год інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам у нашым раёне

 

Сумленны падыход, якаснае выкананне і бяспека – вось галоўныя складнікі паспяховых будаўнічых работ. Для таго, каб кожны новы аб’ект уводзіўся ў эксплуатацыю згодна з законам і прынятым стандартам, існуюць кантралюючыя ведамствы, сярод якіх інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам.

 

Інспекцыя на пастаяннай аснове ажыццяўляе нагляд і кантроль за выкананнем удзельнікамі будаўнічай дзейнасці патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку будаўнічых нормаў і правілаў, праверка выканання зацверджанай праектнай дакументацыі ў мэтах забеспячэння бяспекі на аб’ектах будаўніцтва, рэканструкцыі і капітальнага рамонта. Кантроль за абсталяваннем будаўнічых пляцовак.

 

Як адзначыў дзяржаўны будаўнічы інспектар інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Гродзенскай вобласці Генадзій Кахновіч, летась у Шчучынскім раёне на ўліку інспекцыі было 48 аб’ектаў. З праверкамі інспектар іх наведаў 124 разы.

 

 

У выніку праверак было выяўлена 485 дэфектаў і парушэнняў. У адрас удзельнікаў будаўніцтва накіравалі 78 патрабаванняў аб выпраўленні гэтых недахопаў. Было вынесена 10 пастаноў у тым ліку: 9 пастаноў аб накладанні адміністратыўных спагнанняў на суму 555 рублёў, па адной пастанове вынесена папярэджанне.
У мінулым годзе на Шчучыншчыне было выдадзена 36 станоўчых заключэнняў па 34 аб’ектах будаўніцтва, з іх завершаных – 28. Таксама летась былі выдадзены дзве матываваныя адмовы па двух аб’ектах будаўніцтва.

 

– Мы працуем у цесным кантакце з райвыканкамамі і раённымі ўпраўленнямі капітальнага будаўніцтва, – адзначае Генадзій Кахновіч. – Мэта ў нас адна – забяспечыць правільнае і якаснае выкананне будаўнічых работ. Сёлета ў Шчучынскім раёне не было выяўлена шмат грубых парушэнняў, аднак практыка паказвае, што недахопы ўсё роўна знаходзяцца. Таму рэгулярны кантроль на ўсіх аб’ектах мае вялікае значэнне для недапушчэння перарастання малых парушэнняў у значныя.

 

 

Зараз на кантролі ў інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам значацца некалькі значных аб’ектаў у Шчучыне – гэта шасцідзесяцікватэрны дом па вуліцы Заводскай, чатырохкватэрны дом па вуліцы Някрасава і будынак Дома Саветаў, ачысныя збудаванні. Як адзначыў Генадзій Кахновіч, кантроль гэтых і іншых аб’ектаў набывае асаблівую важнасць, улічваючы, што 2024 год быў аб’яўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь “Годам якасці”.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!