“Безбар’ернае асяроддзе – гэта не толькі пандусы і поручні”. Як у горадзе ствараюцца ўмовы для існавання людзей з інваліднасцю

 У Шчучыне вядзецца рэстаўрацыя дарожнага палатна па вуліцы Савецкая. Падчас работ былі заніжаны бардзюры на пешаходных пераходах, што зробіць больш камфортным перамяшчэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых, мам з каляскамі, падарожнікаў з багажом. І гэта толькі адзін маленькі пазл у агульнай карціне безбар’ернага асяроддзя, якая ствараецца ў нашым горадзе. 
Так, ля сацыяльных устаноў, у дамах-новабудоўлях, пры абуладкаванні пешаходных дарожак, у іншых месцах гарадской прасторы з’яўляюцца пандусы, поручні, зручныя бардзюры, святлафоры з гукавым сігналам, спецыяльныя месцы-стаянкі для аўто і іншыя элементы безбар’ернага асяроддзя. Сёлета мяркуецца дапоўніць гэты спіс яшчэ чатырма аб’ектамі. Але гэта не ўсё кола інтарэсаў, калі гаварыць пра жаданне ўлады і зацікаўленых службаў даць людзям з інваліднасцю магчымасць адчуць сябе на роўных з іншымі членамі грамадства, лічыць намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта.
– Безбар’ернае асяроддзе – не толькі пандусы і поручні, магчымасць “выехаць-заехаць”. Гэта комплекс мерапрыемстваў, які, апроч работы па стварэнні даступнасці аб’ектаў інфраструктуры для інвалідаў-калясачнікаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і проста фізічна аслабленых, уключае яшчэ і арганізацыю іх сацыяльнага абслугоўвання, працаўладкавання, вольнага часу і адпачынку, – падкрэсліла Алена Васільеўна падчас пасяджэння рабочай групы па міжведамасным узаемадзеянні і кантролі па рашэнні праблем людзей з інваліднасцю. 
 Дарэчы, круг такіх фізічна аслабленых асоб шырокі, нагадаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі. У раёне больш за 3000 гараджан і вяскоўцаў з інваліднасцю, каля 600 з якіх маюць першую групу, звыш 1700 – другую. Падтрымка неабходна і сем’ям, якія выхоўваюць дзетак-інвалідаў. Для гэтых катэгорый прадугледжана некалькі відаў дзяржаўнай дапамогі, сёлета па яе звярнулася 159 жыхароў раёна. Летась чатыры чалавекі з інваліднасцю, якім прапісана працоўная рэабілітацыя, атрымалі работу.
Пытанне стварэння безбар’ернага асяроддзя разглядаецца сёння і ў рамках “Павесткі-50”, якая рэалізуецца ў раёне, адзначыла загадчык аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН А.Р. Шпакоўская. Сярод прыярытэтаў у рабоце яна назвала сацыялізацыю і працаўладкаванне падапечных. Між тым рэалізацыі добрых планаў часам перашкаджае закрытасць людзей, адмова выйсці са сваіх чатырох сцен. Так, па чацвяргах ёсць магчымасць з’ездзіць у басейн, аднак жадаючых нямнога, засмучаецца Анжэліна Расціславаўна. 
Інтэграцыя людзей з інваліднасцю ў грамадства, іх занятасць – гэта вельмі важныя пытанні, заўважыла А.В. Пасюта і запатрабавала актывізаваць работу ў гэтым напрамку. А пераадолець бар’ер з “чатырох сцен” дапамогуць псіхолагі. А яшчэ Алена Васільеўна анансавала ідэю – абучаць інвалідаў… танцам. На яе думку, таксама ёсць неабходнасць у актуалізацыі адзінага банка даных усіх катэгорый людзей з інваліднасцю, стварэнні спецыяльнай карты з указаннем месцаў іх пражывання, памяткі аб відах дзяржаўнай дапамогі і сацыяльных паслугах (дарэчы, цяпер на сацабслугоўванні знаходзяцца 280 інвалідаў 1 і 2 груп). І ці не галоўнае – дайсці да кожнага, выслухаць, высветліць патрэбы ў медыка-сацыяльнай дапамозе, сродках рэабілітацыі, пераканана кіраўнік. І ў гэтай справе не абысціся без аглядных камісій, грамадскіх арганізацый і валанцёраў.
Праблемы інвалідаў па-рознаму бачацца людзьмі здаровымі і тымі, хто мае праблемы з перамяшчэннем. Таму асабліва ўважліва слухалі інваліда 1-й групы Г.І. Адаська, якая шчыра расказала аб прамых бар’ерах і ўскосных “шурпатасцях”, што паўстаюць на яе шляху пры наведванні асобных устаноў. Дарэчы, прагучала прапанова падключыць гэту жанчыну для інспектавання аб’ектаў на прадмет іх даступнасці для людзей з інваліднасцю, выяўлення мясцін з “ухабамі”, якое адбудзецца ў бліжэйшы час. Па меркаванні саміх жа ўдзельнікаў пасяджэння, сярод праблем, якія пагаршаюць якасць жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі і патрабуюць вырашэння, – недастатковая даступнасць будынкаў, дрэнная асветленасць асобных вуліц і дваровых тэрыторый, адсутнасць сацыяльнага таксі з пад’ёмнікам…
Бачаннем сітуацыі падзяліліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Шчучынская ЦРБ” А.А. Жамойціна і многія іншыя. Усе сышліся ў меркаванні, што трэба больш актыўна “рэфармаваць” інфраструктуру, ствараць дружалюбную і зручную для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, усіх жыхароў, гасцей, а таксама турыстаў гарадскую прастору.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!