Без бар’ераў! За круглым сталом абмеркавалі, што рэальна можна зрабіць для паляпшэння якасці жыцця людзей з інваліднасцю

 

На чарговым пасяджэнні рабочай групы па міжведамасным узаемадзеянні і кантролі за выкананнем мерапрыемстваў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб уздымаўся шэраг актуальных пытанняў.

 

На гэту сустрэчу сабраліся прадстаўнікі ўлады, спецыялісты сацыяльнай службы, медыкі, актывісты грамадскіх арганізацый і самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усе разам абмяркоўвалі, што рэальна можна зрабіць для паляпшэння якасці жыцця тых, хто па волі лёсу аказаўся ў інваліднай калясцы, страціў здароўе ці выхоўвае асаблівае дзіця.

 

Як адзначыў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Андрэй Навіцкі, наша дзяржава ўкладвае значныя сродкі для сацыяльнай падтрымкі людзей з інваліднасцю, і гэта варта цаніць. У раёне стала нормай праводзіць комплекснае абследаванне ўмоў жыцця такіх людзей, пасля чаго на розных узроўнях вырашаюцца выяўленыя праблемы.

 

– Толькі за першае паўгоддзе абследавана 753 чалавекі, – удакладняе дырэктар ТЦСАН Святлана Шанчук. – У выніку 78-мі інвалідам і 9-ці сем’ям, што выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, аказана матэрыяльная дапамога, пры неабходнасці ў кватэрах устаноўлены АПА, прадастаўлены сродкі рэабілітацыі. Да прыкладу, наш цэнтр набыў тры тэлескапічныя пандусы на суму 1800 рублёў, якія па дагаворах перададзены для карыстання інвалідам-калясачнікам, што робіць гэтых людзей больш мабільнымі.

 

На пасяджэнні прыводзілася нямала лічбаў, якія красамоўна гавораць самі за сябе. Так, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога назначана сёлета 466 інвалідам першай групы, у тым ліку 16-ці дзецям-інвалідам на суму 182234,63 рубля. Арганізаваны падвоз да сацыяльных аб’ектаў спецыяльным транспартам з пад’ёмнікам, забяспечваецца безбар’ерны асяродак дзякуючы пандусам, кнопкам выкліку, поручням, жоўтым абазначэнням для слабавідушчых і г.д.

 

Намеснік галоўнага ўрача Шчучынскай ЦРБ Алена Жамойціна праінфармавала, што дзякуючы рэканструкцыі ў хуткім часе будуць дзейнічаць спецыялізаваныя ліфты ў будынку паліклінікі. А намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта паставіла задачу абсталяваць стаматалагічны кабінет на першым паверсе, каб пацыенты з інваліднасцю маглі без перашкод атрымаць належную меддапамогу.

 

Аб тым, як валанцёры і падзвіжнікі Чырвонага Крыжа аказваюць дапамогу людзям з абмежаванымі магчымасцямі, расказала старшыня раённай арганізацыі БТЧК Юлія Вароніна. Дарэчы, Алена Пасюта слушна заўважыла, што калі ў юных валанцёрах-навучэнцах недахопу ў нас няма, то сярод дарослых валанцёрскі рух пакуль не такі актыўны.

 

Удзельніца дыялога Галіна Адаська, якую многія ў раёне ведаюць і цэняць за нязломны дух і актыўную жыццёвую пазіцыю, выказала свае прапановы па ўдасканаленні гарадской інфраструктуры, выйшла з ініцыятывай арганізаваць цікавую экскурсію для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 

– Чаму б і не! – пачулася ў адказ. – Збірайце групу, вызначайцеся з маршрутам, а мы падумаем, як рэальна ажыццявіць задумку.

 

Галоўнае – актыўная грамадзянская пазіцыя, уменне супрацоўнічаць, слухаць і чуць адзін аднаго.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!