Беларуская кухня, жартоўная рыбалка і сельскагаспадарчая латарэя: у Шчучыне прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш

Як толькі збіраюся на свята, усё байку Кандрата Крапівы ўспамінаю: “Ехаў дзедка на кірмаш, з ім на возе баба…”. Гэты восеньскі дзень збірае людзей з усяе Шчучыншчыны. Даведалася і я, што па чым, якая садавіна попытам карысталася і каму пашчасціла ў латарэі.

Аб тым, што сёлета бульба ў цане, я пачула яшчэ не дайшоўшы да кірмашу ад жанчына, якая гучна абмяркоўвала з сяброўкай сёлетнія цэны.  Не многія ў гэтым годзе могуць пахваліцца добрым “другім хлебам”, таму бульба на кірмашы разыходзілася як гарачае печыва.

Кірмаш – той дзень, калі вёска горад корміць, таму гараджанам відаць не спалася з самага ранку: яны ішлі мне насустрач з сумкамі і мяхамі. Свае паслугі прапаноўвала грузавое таксі, бескарысную дапамогу – актывісты РК БРСМ.

 Вуліца Леніна гаманіла. Чаму б не скарыстацца магчымасцю  выгадна набыць сельскагаспадарчую прадукцыю! Сёлета на адной вуліцы размясцілася аграрыі і фермеры, народныя ўмельцы, і гандляры. Зарабіць неблагі рубель хацеў кожны, таму асартымент тавару быў багаты. Адно толькі бабулі скардзіліся, што не паспелі набыць зерне, якое хутка разабралі. І, як мне падалося, кірмаш быў крыху меншы, чым звычайна.

Па садавіну і агародніну спяшаліся цэлымі сем’ямі.  Сёстры Ганна Болтач і Алена Сяргей стаялі каля ровара з капустай і выпадкова трапілі ў мой аб’ектыў. Ідзём знаёміцца.

 -- У нас свой агарод ёсць, аднак капуста сёлета не ўрадзіла, -- скардзяцца на неўраджай жанчыны. – А вось морква, бульба і буракі парадавалі.

 - Ці дорага каштуе капуста?  -- пытаю.

 -- Бралі танна, па 70 капеек. Цяпер будзем саліць яе на зіму.

А вось Таццяна і Яраслаў Мазуркевічы сёлета прыйшлі не па агародніну. Яны выбіралі саджанцы для садка.  

 -- Дом пабудавалі, двух сыноў і дачку выхоўваем, самы час пасадзіць дрэвы, -- усміхаюцца муж з жонкай.

 Сёлета я і сама спыніла выбар на саджанцах. Маладыя яблыні, грушы, чарэшні ды персік набыла ў спецыялістаў з Воранава. Абяцалі хлопцы, што буду мець добры ўраджай. Буду спадзявацца!

Многія шчучынцы закуплялі прадукцыю на ўсю зіму. Агульная сума за  пакупкі выходзіла немалая, аднак гараджане прызналіся, што загадзя спланавалі свае расходы і  адклалі грошы  на кірмаш.  Кошт на ўсю сельскагаспадарчую  прадукцыю на кірмашы быў дэмакратычным, а капейка, як кажуць, рубель беражэ.

На восеньскім кірмашы асаблівым попытам карысталіся збожжа, бульба, капуста, цыбуля, мяса і мясныя вырабы, рыба, яйкі, мёд, кветкі. Можна было набыць і “жывы” тавар. Так, Станіслаў Даміняка прывёз на свята некалькі дзясяткаў пародзістых трусоў, а ААТ “Васілішкі”, ТАА “СпецАгратур” і іншыя – жывую рыбу, у тым ліку шчупакоў. 

Не з пустымі рукамі на свята завіталі прадстаўнікі прадпрыемстваў раёна. Так, ААТ “Васілішкі” прывезлі 4 тоны бульбы, па тоне яблык, цыбулі, капусты і морквы ды 600 кілаграмаў рыбы. ААТ “Дэмбрава” прывезлі на продаж 2,5 тоны трыцікале і столькі ж пшаніцы, ААТ “Шчучынаграпрадукт”  -- па тры тоны трыцікале, пшаніцы і ячменю, 5 тон бульбы, 300 кілаграмаў яблык…

На восеньскім кірмашы панаваў асаблівы настрой. Радавалі ўсіх работнікі Шчучынскага РЦКіНТ, якія сёння прымалі віншаванні з нагоды прафесійнага свята. Галоўнымі героямі кірмашу сталі Гапуся і Нічыпар. На Шчучынскі кірмаш завітаў і народны ансамбль народнай песні і музыкі “Уладары” г.Ваўкавыск.  

Традыцыйнымі беларускамі стравамі частавалі гараджан і вяскоўцаў на беларускім падварку работнікі культуры з Астрыны, Новага Двара і Першамайску. Вясёлыя тэатральныя пастаноўкі, песні ды танцы, конкурсы, атракцыёны парадавалі ўсіх, хто завітаў на кірмаш.

Як заўсёды цікава прайшла сельскагаспадарчая латарэя. За два рублі можна было выйграць мех бульбы, морквы, цыбулі, яблыкаў і  разжыцца пеўнямі ды курачкамі. Сёлета ўдача усміхнулася  шчучынцам Юліі і Кірылу Скаромным, якія набылі ажно 10 квіткоў. Палова білетаў аказалася выйгрышнымі! Сярод усяго – галоўны прыз: дзве курыцы і два пеўні! Кірыл прызнаўся, што падарыць птушак любімай цешчы!

Пашчасціла і сям’я Конан з Астрыны. Іх дачушка Настачка выцягвалі білеты. У выніку, бацькі разжыліся морквай, бульбай, яблыкамі і іншым.

Як заўсёды знайшліся смельчакі, якія прынялі ўдзел у традыцыйнай юмарыстычнай рыбалцы. Праўда, каб рыбу з’есці, трэба было ў ваду лезці! Рыбакі пад гучныя апладысменты гледачоў лавілі рыбу голымі рукамі!

Актыўна падворкі і выязны гандаль. Сваімі цікавымі рукатворнымі вырабамі радавалі народныя ўмельцы. Асабліва шмат было вязаных вырабаў, акурат да халадоў!

Вызначылі на свяце лепшыя на выставе караваяў і восеньскіх кветкавых букетаў і кампазіцый з садавіны і гародніны. Імі сталі майстры ААТ “Шчучынаграпрадук” і СВУ “Пратасаўшчына”.

  

       -- Вось гэта кірмаш! – падзяліся напрыканцы свята сваімі ўражаннямі  Нічыпар і Гапуся. --  Усяго было даволі: і садавіны, і гародніны, і хлеба. Нават рыбалка ўдалася. А майстры, майстры якія – умельцы народныя з залатымі рукамі! І навокал песні разліваліся вясёлыя, гучныя і прыгожыя! Слухаць, не пераслухаць.

Ну і як тут з імі не пагадзіцца?! Багаты наш Шчучынскі край на працавітых людзей, а вынік іх добрасумленнай працы – шчодры ўраджай! 

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

Што па чым за кілаграм?

Агародніна і садавіна:

бульба – 90 капеек – 1 рубель 10 капеек

капуста – 70-1 рубель 10 капеек

морква – 80-90 капеек,

цыбуля – 80- 1 рубель 30 капеек

буракі –  80-90 капеек,

яблыкі –1 рубель 10 капеек -- 1 рубель 50 капеек

 часнок – 5-8 рублёў,

Рыба:

Шчупак – 6 рублёў 93 капейкі

Карась, таўсталобік – 4 рублі 40 капеек,

карп – 5 рублі 67 капеек.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!