База адпачынку “Ласіны бераг” паступова набывае закончаны від

 

У лясным масіве побач з возерам ля вёскі Пескі актыўна ўзводзіцца “Ласіны бераг” – база адпачынку, якая належыць паляўніча-рыбаводнай гаспадарцы ААТ “Гроднажылбуд”. Першую чаргу аб’екта плануецца запусціць у трэцім квартале бягучага года.

 

– Мы доўга і старанна выбіралі зручнае для будоўлі месца, – гаворыць дырэктар паляўніча-рыбаводнай гаспадаркі ААТ “Гроднажылбуд” Сяргей Аляксандравіч Руднік. – Улічвалі многія фактары, такія, як камфортны пад’езд і блізкасць аўтазапраўкі. Расчысцілі і абгарадзілі ў лесе ўчастак зямлі плошчай прыкладна 3 гектары, дзе пабудавалі тры жылыя дамы, гаспадарчы блок і лазню. Праклалі сюды ўсе камунікацыі: газ, ваду, электраэнергію. Устанавілі аўтаномную станцыю абезжалезвання, кацельную і электрычную падстанцыю.

 

 

Цяпер займаемся ўнутраным і знешнім аздабленнем будынкаў і добраўпарадкоўваем прылеглую тэрыторыю. Для наведвальнікаў хутка паставім тры альтанкі, адну з якіх плануем зрабіць з камінам унутры, каб можна было адпачываць тут усёй сям’ёй у любую пару года. Усяго на новай базе адпачынку змогуць камфортна пражываць 15 турыстаў, у якіх будзе выдатная магчымасць не толькі бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі шчучынскай зямлі, але і схадзіць на паляванне або рыбалку.

 

Дарэчы, назву “Ласіны бераг” гэты маляўнічы куточак атрымаў не выпадкова: тут у лясных абшарах водзіцца нямала велічных жывёл з галінастымі рогамі. Да ўсяго работнікі паляўніча-рыбаводнай гаспадаркі ААТ “Гроднажылбуд” завезлі сюды высакародных і плямістых аленяў, а таксама еўрапейскую лань і муфлонаў агульнай колькасцю 50 галоў, якія ўжо паспелі даць патомства. У будучым плануем запусціць яшчэ ласёў і казуль.

 

– Усе жывёлы ўтрымліваюцца ў вальеры агульнай плошчай 7 кіламетраў, – дзеліцца егер Аляксандр Вячаслававіч Сямашка. – Тут забаронена паляванне, што спрыяе росту папуляцыі. Мы круглы год падкормліваем лясных братоў, для чаго паставілі некалькі кармушак. Жывёлы прывыклі да нас і не разбягаюцца пры сустрэчы, аднак калі ў вальер зойдзе чужак – адразу хаваюцца ў гушчары.

 

Многіх турыстаў цікавіць паляванне з выкарыстаннем лукаў і арбалетаў, і такі від здабычы дзічыны на базе адпачынку “Ласіны бераг” дазволены. Такім адпачынкам актыўна цікавяцца расіяне, палякі, немцы і французы. Таксама пры наяўнасці дазваляльных дакументаў тут будуць выдаваць у арэнду паляўнічую агнястрэльную зброю розных вытворцаў. Вярнуўшыся з лесу, паляўнічыя змогуць у камфортных умовах разабраць тушы, прыгатаваць ежу, памыцца і пасціраць адзенне.

 

 

– Мы нават прадумваем варыянты арганізацыі фотапалявання, – дадае Сяргей Аляксандравіч Руднік. – Таксама у будучым пракладзём экалагічную сцежку: дзеткі змогуць прыязджаць да нас і любавацца дзікімі жывёламі, што дапаможа прывіць маладому пакаленню любоў да прыроды. Будзе чым заняцца на нашай базе і аматарам рыбалкі: усяго ў некалькіх метрах ад домікаў для пражывання знаходзіцца возера плошчай 7,9 гектара, дзе водзяцца лінь, шчупак, акунь, карась, карп, амур і буйная плотка. Для рыбакоў вакол вадаёма пракошаны спецыяльныя нішы, вызначаны месцы для збору смецця. Таму ўпэўнены, што ў нас кожны зможа арганізаваць сабе адпачынак для душы.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!