Аўтарскі семінар для педагогаў і бацькоў правёў у Шчучыне акадэмік Шалва Аманашвілі

Доктар псіхалагічных навук, акадэмік расійскай Акадэміі адукацыі, ганаровы кіраўнік Міжнароднага цэнтра гуманнай педагогікі, лаўрэат прэміі Урада Расійскай Федэрацыі, аўтар шматлікіх кніг і праграм для дзяцей і бацькоў… Рэгаліі Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі можна працягваць яшчэ і яшчэ. І вось такі легендарны чалавек, класік педагогікі, заснавальнік сістэмы гуманна-асобаснага падыходу да дзяцей наведаў Шчучын, каб сустрэцца з педагогамі і бацькамі і падзяліцца галоўнымі каштоўнасцямі гуманнай педагогікі.

Яго знаёмства са Шчучынам пачалося з гімназіі. Рабяты разам з настаўнікамі запрасілі ганаровага госця ў музей, а таксама прадэманстравалі, як працуе друкарскі станок. А тым часам знакамітага педагога ўжо чакалі трэцякласнікі СШ №1 г. Шчучына, з якімі ён меў намер правесці адкрыты ўрок. Цікаўным хлопчыкам і дзяўчынкам проста не цярпелася 45 хвілін пабыць вучнямі такога Настаўніка.

 

Некалькі хвілін знаёмства з дзецьмі, і яны заходзяць у актавую залу, каб заняць свае месцы за партамі. Урок па развіцці мовы абяцае быць незвычайным і вельмі цікавым. Шалва Аляксандравіч папрасіў кожнага з вучняў уявіць сабе, што сёння ў яго Дзень нараджэння. А вось што настаўнік прынёс ім у падарунак, рабятам трэба было разгадаць.

  

Увесь урок дзеці вучыліся думаць, разважаць, аналізаваць і … праяўляць свае эмоцыі. Толькі на прыкладзе аднаго ўрока Шалва Аляксандравіч змог прадэманстраваць, як можна вучыць дзяцей любові, міласэрнасці, дабрыні… Ён быў для хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўдным правадніком на іх шляху ў пошуку рашэнняў для выканання прапанаваных заданняў, умела накіроўваў іх. Ён пераканаў рабят у тым, што яны прыйшлі ў гэты свет кожны са сваёй унікальнай місіяй, і ў кожнага з іх ёсць сваё ўнутранае святло пад назвай душа. Цікавы прыём выкарыстоўваў падчас уроку Шалва Аляксандравіч – свой адказ дзеці нашэптвалі яму на вуха. Гэта прымушала рабят думаць, разважаць.

 

Словамі-падарункамі для шчучынскіх школьнікаў сталі: любоў, сэрца і чалавек. Школьнікі не толькі разгадалі іх, але і даведаліся, як важна жыць з любоўю ў сэрцы, тварыць дабро і заўсёды імкнуцца быць Чалавекам.
На развітанне рабяты напісалі Шалве Аляксандравічу свае словы-падарункі і запрасілі абавязкова прыехаць да іх зноў.
Другая частка аўтарскага семінара праходзіла ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі з удзелам Пааты Аманашвілі – сына Шалвы Аляксандравіча, які працягвае справу бацькі. Паслухаць вядомых педагогаў і павучыцца ў іх прыехалі нават госці з іншых гарадоў, прыйшлі бацькі са сваімі дзецьмі.

 

Пра што ішла гутарка? Вядома, пра галоўныя каштоўнасці гуманнай педагогікі. Кожны настаўнік павінен імкнуцца стаць настаўнікам ад Бога, пастаянна працаваць над сабой, над сваім выхаваннем, шукаць сэнс у сваім жыцці і любіць дзяцей ужо толькі за тое, што яны ёсць. Шалва Аляксандравіч разважаў над тым, які настаўнік патрэбны ў гуманнай педагогіцы. А вось гуманную і аўтарытарную педагогіку параўнаў Паата Аманашвілі.

Ад шчырага сэрца падзякавалі Шалве Аляксандравічу Аманашвілі і яго сыну Паату Аманашвілі за цікавую сустрэчу член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Валянцінавіч Байко, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта і ўручылі памятныя падарункі. Такая сустрэча надоўга застанецца ў сэрцах яе ўдзельнікаў.

– У Беларусь я прыязджаю не першы раз, – падзяліўся сваімі ўражаннямі Шалва Аляксандравіч. – Мне вельмі падабаецца ваша краіна і людзі, якія тут жывуць. Тут так спакойна. Прыемна палюбавацца на дагледжаныя палі і абсалютную чысціню і парадак. У свеце шмат маіх паслядоўнікаў, ёсць цэлыя школы, якія працуюць згодна з распрацаванай мною методыкай. Мой падыход абавязкова трэба ўспрыняць і прыняць. Настаўнікі павінны адкрыць дзецям свае сэрцы і выхоўваць іх духоўна.

  

Прыезд гэтага вядомага педагога ў наш горад стаў магчымым дзякуючы дапамозе Валянціна Валянцінавіча Байко.

– З Шалвай Аляксандравічам мы знаёмы даўно, – расказвае Валянцін Валянцінавіч. – Рашэнне арганізаваць з ім сустрэчу для жыхароў Шчучынскага, Ваўкавыскага і Мастоўскага раёнаў, якіх я прадстаўляю ў Савеце Рэспублікі, узнікла спантанна падчас адной з размоў з дэпутатамі, калі абмяркоўвалася пытанне аб развіцці адукацыі. Што тычыцца асабіста мяне – канспекты з лекцыямі Шалвы Аляксандравіча стаяць на бачным месцы, і мы з жонкай выхоўваем сваіх дзяцей толькі згодна з парадамі Педагога ад Бога – Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!