Аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў жыццё 69-гадоваму мужчыну з аграгарадка Тапілішкі

 

Здарэнне адбылося на мінулым тыдні ў аграгарадку Тапілішкі Лядскага сельсавета ў доме 69-гадовага Івана Васюка. Вечарам ён прачнуўся ад гуку пажарнага апавяшчальніка і ўбачыў задымленне ў памяшканні.

 

Мужчына хутка выбег на вуліцу і звярнуўся па дапамогу да суседа Казіміра Васюка, які і выявіў прычыну задымлення. Аказалася, што гаспадар дома зарана закрыў засаўку печкі, таму дым ад вуглёў пачаў выходзіць не праз дымаход, а ў дом. Засаўку адчынілі, памяшканні праветрылі. Дапамога выратавальнікаў і медыкаў у гэтай сітуацыі не спатрэбілася.

 

 

Хто ведае, да якой трагедыі магло б прывесці гэтае здарэнне, калі б у хаце не было пажарнага апавяшчальніка. Цікава, што літаральна за дзень да небяспечнай сітуацыі старшыня Лядскага сельвыканкама Павел Літавар праверыў дом Івана Янавіча на супрацьпажарную бяспеку і, можна сказаць, выратаваў жыццё мужчыну.

 

– На мінулым тыдні Марыя Бобрык, суседка Івана Янавіча, паведаміла, што ён нядаўна прыбыў з лячэбнай установы і пражывае дома адзін, – расказвае Павел Анатольевіч. – У той жа дзень я наведаў мужчыну, праверыў ягоны дом на адпаведнасць правілам пажарнай бяспекі і ўбачыў, што крона ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку не працуе. Таму назаўтра я яе замяніў і правёў з гаспадаром дома гутарку аб выкананні правілаў пажарнай бяспекі. Мы дасягнулі ўзаемаразумення, ён чалавек прыстойны, падтрымлівае парадак дома, ацяпляльная печка і электраправодка ў хаце былі спраўнымі. А праз дзень адбылося гэтае задымленне. Гукавы сігнал апавяшчальніка разбудзіў Івана Янавіча і, такім чынам, выратаваў яму жыццё. Гэтае здарэнне ў чарговы раз сведчыць аб эфектыўнасці апавяшчальнікаў, таму яны павінны быць у кожным доме.

 

 

Цікава, што Павел Літавар сам у мінулым выратавальнік. Ён, падпалкоўнік унутранай службы, сёння яшчэ і старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі ветэранаў службы МНС. Атрымліваецца, што афіцэры былымі не бываюць, і нават пасля звальнення ў запас Павел Анатольевіч працягвае ратаваць жыцці людзей і нясе службу ўжо на пасадзе старшыні сельвыканкама.

 

– Я бязмерна ўдзячны Паўлу Анатольевічу і сваім суседзям, якія з увагай паставіліся да маёй бяспекі і гэтым захавалі мне жыццё, – шчыра прызнаецца Іван Васюк.

 

Як паказвае практыка, аўтаномны пажарны апавяшчальнік выратаваў не адно чалавечае жыццё. Таму неабходна ўстанаўліваць яго ў кожным жылым памяшканні. Для таго, каб апавяшчальнік працаваў спраўна, ў ім перыядычна трэба мяняць батарэйку. Калі яе тэрмін службы будзе заканчвацца, апавяшчальнік паведаміць аб гэтым кароткімі гукавымі сігналамі. Устанаўліваць АПА трэба на столі альбо на сцяну, але не ніжэй за 10 см ад столі. Памятайце, што ўважлівае выкананне правілаў супрацьпажарнай бяспекі аднойчы можа выратаваць жыццё вам і вашым блізкім.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!