Аўтамагазінаў – тузін!

 

Сёлета колькасць магазінаў на колах, якія абслугоўваюць сельскіх жыхароў, у Шчучынскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства павялічылася да дванаццаці. Яны дастаўляюць тавары першай неабходнасці ў 325 населеных пунктаў. І гэта хутары ды вёсачкі не толькі Шчучынскага раёна, але і суседняга.

 

– Да тэрыторыі нашага абслугоўвання цяпер аднесены яшчэ два маршруты на Скідзельшчыне, столькі ж у раёне Парэчча і Азёраў Гродзенскага раёна, – гаворыць начальнік гандлёвага ўчастка Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства Святлана Кавальчук. – За два апошнія гады мы атрымалі і дзве новыя спецыялізаваныя машыны, якія не толькі па дызайне, але і функцыянальнасці выгадна адрозніваюцца ад іншых. Тут два стацыянарныя халадзільнікі, вялікі дыяпазон вітрыны. Да таго ж аўтамагазін ацяпляецца ў халодны сезон, што стварае камфортныя ўмовы працы. Новую тэхніку накіроўваем па самых запатрабаваных маршрутах, дзе найбольш пакупнікоў і самая высокая рэалізацыя тавараў. А гэта звычайна Лядскі, Дэмбраўскі і Ражанкаўскі сельсаветы.

 

Тое, што ў апошні час значна пашырылася зона абслугоўвання шчучынскіх аўтамагазінаў, ні ў якім разе негатыўна не адбілася на якасці абслугоўвання мясцовага насельніцтва. Аднак графік работы застаецца надзвычай насычаным. З улікам няпростай эпідсітуацыі ў некаторых вёсках для зручнасці пакупнікоў аўталаўка робіць па 3-4 прыпынкі, каб не дапускаць скучанасці людзей. Само сабой, строга выконваюцца ўсе санітарныя патрабаванні. Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца культуры абслугоўвання.

 

– Прадукты вяскоўцам пастаўляюцца свежыя, адразу ад вытворцаў, – падкрэслівае Святлана Вітольдаўна. – У падпарадкаванне Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства перададзены Скідзельскі хлебазавод, і цяпер мы штодзень адгружаем на аўтамагазіны свой хлеб, малако атрымліваем ад кампаній “Малочны Мір” і “Беллакт”, каўбасныя вырабы – напрамую з Ашмянскага, Слонімскага і іншых мясакамбінатаў. Сярэднямесячны тавараабарот на адну аўталаўку складае 28,8 тысячы рублёў. Тэмп росту гандлёвых паслуг за дзевяць месяцаў бягучага года склаў 104,9%.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!