Атрымаць пенсію і аплаціць "камуналку" можна дома

У нашай краіне ў сувязі з распаўсюджваннем вірусных інфекцый пад асобай апекай знаходзяцца людзі сталага ўзросту, асабліва тыя, хто мае хранічныя захворванні. БРСМ, сацыяльная служба, валанцёрскія арганізацыі дапамагаюць ім з дастаўкай на дом лякарстваў, прадуктаў харчавання, каб яны мелі магчымасць заставацца дома і не наведваць грамадскія месцы.

 

 

Паклапацілася пра людзей паважанага ўзросту і РУП "Белпошта".

 

 

– Звычайна атрымаць пенсію пенсіянеры маглі ў аддзяленні паштовай сувязі або скарыстацца паслугамі паштальёна, які прыносіў ім пенсію на дом, – гаворыць начальнік Шчучынскага  раённага вузла паштовай сувязі Аксана Сяргееўна Земская. – Працуючым пенсіянерам на дом мы пенсію не дастаўлялі. Цяпер, для таго, каб стварыць дадатковую абарону ад распаўсюджвання вірусных інфекцый для пажылых людзей і асоб з хранічнымі захворваннямі, у тым ліку і для тых, хто яшчэ працуе, мы прапануем скарыстацца паслугамі паштальёнаў. Для гэтага можна звярнуцца з заяўкай у абслугоўваючае аддзяленне паштовай сувязі для арганізацыі выплаты пенсіі  паштальёнам у хатніх умовах.

 

 

Адначасова з атрыманнем пенсіі на даму можна аплаціць камунальныя плацяжы, адправіць паштовыя адпраўленні, выпісаць друкаваныя сродкі масавай інфармацыі.

 

 

Заяўку на выплату пенсіі на даму можна падаць, калі патэлефанаваць у абслугоўваючае аддзяленне сувязі. Вашу заяўку прымуць таксама і ў кантакт-цэнтры РУП "Белпошта" па тэлефоне: 154.

Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!