Астрынчане галасуюць актыўна. Даведаліся, з якім настроем прыходзяць на рэферэндум тыя, хто вырашыў прагаласаваць датэрмінова

 

Дзверы Астрынскага ўчастка для галасавання №13 сёння адкрыліся роўна ў дзесяць раніцы, але жадаючых прагаласаваць ужо сабралася цэлая кампанія. У холе абменьваліся навінамі і думкамі наконт абноўленай Канстытуцыі. У невялікіх мястэчках усё навідавоку, людзі добра ведаюць адзін аднаго і ахвотна раскрываюць свае сэрцы.

 

-- Добра, што ў Канстытуцыі гарантавана бясплатная адукацыя. Гэта дарагога каштуе! І медыцына павінна быць даступнай і бясплатнай. Дзякуй нашым медыкам, якія ў гэтыя трывожныя дні праяўляюць па-сапраўднаму прафесійны подзвіг. А мы ім дапамагаць павінны тым, што варта больш адказна ставіцца да ўласнага здароўя. Усё прадумана ў новым дакуменце Асноўнага Закона, -- дзялілася сваім меркаваннем маладжавая жанчына. – Асабіста я – за моцную прэзідэнцкую ўладу. Толькі яна гарантуе суверэннасць і незалежнасць краіне.

 

 Тым часам падымаецца па лесвіцы бабуля з кіёчкам. Яе суправаджае маладая сваячка.

 

-- Хачу прагаласаваць менавіта на сваім участку, у святочнай абстаноўцы, каб з людзьмі пагутарыць, -- далучаецца да размовы Марыя Іосіфаўна Багатава. – Хоць і ведаю, што ў нядзелю можна было б пры жаданні прагаласаваць на даму. Але ж такога ўрачыстага пачуцця не будзе…

 

Пасля таго, як пажылая жанчына апусціла свой бюлетэнь у урну для галасавання, гучна на ўсю залу вымавіла: “Дай Бог, каб у добры час! Міру і спакою ўсім нам і нашай любай Беларусі!” Гэта было так шчыра, так ад душы, што мы вырашылі пазнаёміцца з Марыяй Іосіфаўнай больш дэталёва!

 

Працягваем гутарку, выйшаўшы з участка. Бабуля Марыя расказвае, як цяжка жылося іх сям’і, як яны з сёстрамі з маленства працавалі ў полі. На яе вачах арганізоўваліся калгасы, дзе яны з мужам усё жыццё працавалі за трудадні.

 

-- Ды хіба параўнуеш ранейшае жыццё і сённяшняе? Трэба цаніць тое, чаго дасягнулі працай многіх пакаленняў. Разбурыць лёгка, а потым паспрабуй жыць на абломках, -- разважае мудрая бабуля.

 

-- Мы вельмі рады такой актыўнасці на нашым участку, -- канстатуе старшыня ўчастковай камісіі Інна Анцута. – Сёння літаральна за пару ранішніх гадзін ужо больш за два дзясяткі чалавек прагаласавала.

 

Усіх тут сустракаюць прыветна. Члены камісіі віншуюць мужчын-выбаршчыкаў з Днём абаронцаў Айчыны, жадаюць здароўя і мірнага неба над галавой. А аднаму з самых паважаных у Астрыне людзей – ветэрану працы, выдатніку адукацыі БССР – Алегу Мікалаевічу Сідаровічу старшыня камісіі ўручае сувенір, выказвае словы падзякі за бясцэнны вопыт, за тое, што пасеянае педагогам разумнае, добрае, вечнае дало шчодры плён. На працягу 30 год Алег Мікалаевіч узначальваў Астрынскую сярэднюю школу імя А.С. Пашкевіч (Цёткі), даў пуцёўку ў жыццё ні аднаму пакаленню вучняў, выхаваў цудоўных паслядоўнікаў на педагагічнай ніве.

 

Сёння А.М. Сідаровіч прыйшоў на рэферэндум разам з жонкай – Зояй Казіміраўнай, якая была адным з лепшых выкладчыкаў гісторыі, прымала ўдзел ва Ўсесаюзным з’ездзе настаўнікаў у Маскве.

 

 

-- Мы жывём у цывілізаванай, суверэннай дзяржаве, якая развіваецца, рухаецца наперад і патрабуе новых юрыдычных і канцэптуальных падыходаў па шэрагу напрамкаў. Але галоўнае, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі захоўваецца сацыяльная накіраванасць дзяржаўнай палітыкі. І за гэта варта прыйсці і прагаласаваць, -- перакананы Сідаровічы. – Голас кожнага – важны і каштоўны. Таму мы прыйшлі на рэферэндум.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!