Астролаг сцвярджае, што 2021-ы год будзе шчаслівейшы за мінулы

Верыць ці не верыць у астралагічныя прагнозы — справа кожнага. Але пытацца ў астролагаў пра будучыню напярэдадні 31 снежня — адна з навагодніх традыцый. Вось і мы вырашылі спытаць у астролага Вольгі Роўнай аб тым, што чакае нас у 2021-м.

— Вольга, якім будзе 2021 год для жыхароў нашай планеты?

— 21 снежня 2020 года Юпітэр і Сатурн злучыліся ў пачатку сузор'я Вадаліва. Гэта сімвалічны пачатак новай эпохі — эпохі Паветра, якая працягнецца найбліжэйшыя 200 гадоў. Эпоха Паветра прыйдзе на змену эпосе Зямлі, якая працягвалася 180 гадоў. Макрасацыяльныя планеты Юпітэр і Сатурн злучаюцца раз у 20 гадоў, і ў нашым стагоддзі яны будуць злучацца менавіта ў знаках Паветра (Блізняты, Шалі, Вадаліў). Такім чынам, эпоха Зямлі з яе акцэнтам на матэрыяльным плане, рэсурсах, жорсткіх структурах саступае месца эпосе Паветра — новаму часу, калі павышаецца каштоўнасць ведаў, павялічваецца значнасць і сіла нефармальных аб'яднанняў, цэніцца ўменне ставіць калектыўныя мэты вышэй за індывідуальныя, паважаць свабоду іншых. Планету чакае новы віток навукова-тэхнічнага прагрэсу, інавацыі ў розных сферах, рэфармаванне сістэм улады ў бок дэмакратызацыі. На прынцыповую вышыню будуць падымацца этычныя пытанні, якія датычацца адносін паміж людзьмі, адносін паміж уладай і народам, стаўлення чалавецтва да рэсурсаў. 2021 год — пераходны паміж дзвюма эпохамі. Старое і аджыўшае будзе сыходзіць, вызваляючы месца для новай рэальнасці.

— Ці можна чакаць, што надыходзячы год будзе больш спакойны і шчаслівы, чым 2020-ы?

— Так, можна. Асабліва гэта датычыцца другой паловы года. 2019 і 2020 гады — час, які можна назваць дном ямы, канцом эпохі. 2021 год — пераходны: у новую эпоху, у новы час. І хоць ён будзе крызісны і няпросты, дыхацца будзе лягчэй, чым у мінулыя гады. Мы адчуем вецер перамен, з'явіцца пачуццё перспектыў. Але глабальны крызіс, які пачаўся з пандэміі, будзе працягвацца. У 2021 годзе планета сутыкнецца з сур'ёзнай барацьбой старога і новага — кансерватыўнага і прагрэсіўнага. Але сіла, у адрозненне ад мінулых гадоў, ужо будзе на баку эвалюцыі і прагрэсу. Злучэнне процілеглых па сваім значэнні планет (Юпітэр — пашырэнне, Сатурн — абмежаванне, паглыбленне) у Вадаліве не дасць нам зусім адарвацца ад зямлі і зробіць прагрэс паступовым. Адбывацца гэта будзе не без перашкод, але ўсё ж няўмольна.

— Якія перыяды надыходзячага года будуць самыя радасныя, а якія — самыя цяжкія? Напрыклад, пішуць, што Юпітэр будзе рэтраградны з 20 чэрвеня да 18 кастрычніка, і што гэта будзе складаны перыяд...

— Тройчы за 2021 год будзе ўсталёўвацца квадрат Сатурн—Уран, і гэтыя перыяды могуць перажывацца як найбольш складаныя. Уран — планета рэвалюцый, Сатурн — планета структуры і парадку. Рэфармаванне і абнаўленне ў структурах, якія раней здаваліся ўстойлівымі, непазбежна. У 2021 годзе нас чакаюць чатыры зацьменні (для параўнання — у 2020 было шэсць зацьменняў, што цяжэй). Больш светлых адчуванняў і падстаў для радасці падорыць другая палова 2021 года. Што датычыцца перыяду ретраграднасці, то гэта час, калі мы робім работу над памылкамі. У такія перыяды трэба быць уважлівымі і не наступаць на адны і тыя ж граблі.

— Уран — «планета свабоды і раптоўных перамен» — будзе знаходзіцца ў Цяльцы, што кіруе грашыма. Што гэта значыць для жыхароў Зямлі?

— Уран у Цяльцы з 2018 года. Цялец — знак фінансаў, матэрыяльных каштоўнасцяў і рэсурсаў, знак устойлівасці. А Уран — планета, якая сімвалізуе свабоду, непрадказальнасць, павышанае напружанне, новыя тэхналогіі. Транзіт Урана па сузор'і Цяльца на працягу сямі гадоў расхіствае тэмы, якія раней былі ўстойлівыя. Фінансавая тэма ў 2021 годзе працягвае быць нестабільнай. Нешта новае чакае нас на рынку крыптавалют і ў фінансавай сферы ў цэлым, у тым ліку ў стаўленні людзей да матэрыяльных рэсурсаў. Здавалася б, нам ужо не прывыкаць выходзіць з зоны камфорту і вучыцца нечаму новаму, але нас чакаюць яшчэ адкрыцці ў гэтым кірунку. Трэба быць адкрытымі новым павевам і не трымацца за старое. Быць гатовымі да апгрэйду свайго жыцця.

— Няптун у Рыбах — ці значыць гэта, што творчыя асобы будуць адчуваць прыліў сіл?

— Няптун знаходзіцца ў Рыбах з 2012 года і прабудзе там да 2026-га. Гэта ўзмацняе цікавасць людзей да тонкіх матэрый — духоўных пошукаў, вывучэння навук аб душы, занятку мастацтвамі. У самыя складаныя і крызісныя часы людзі шукаюць падтрымку Нябёсаў. Многія дазволяць сабе выйсці за межы матэрыялістычнага погляду на свет і знойдуць падтрымку: хто — у духоўнасці і рэлігіі, хто — у псіхалогіі, хто — у творчасці.

— Плутон, планета трансфармацый, будзе знаходзіцца ў Казярогу. Гэта азначае, што карта свету зменіцца?

— Плутон — планета павольная. Ён асталяваўся ў Казярогу з 2008 па 2023 гады. Плутон сімвалізуе Вялікі Закон, які кіруе светам. У перыяд свайго транзіту па Казярогу ён дае нам на сваёй скуры адчуць залежнасць асобнага чалавека ад вялікай сістэмы і матэрыялізуе глабальны эканамічны і ідэйна-палітычны сусветны крызіс.

— Чаго чакаць знакам задыяка ў 2021 годзе? Якія знакі маюць больш шанцаў пражыць надыходзячы год шчасліва?

— Знакі кардынальнага крыжа — Авен, Рак, Шалі, Казярог — былі апошнія два гады пад найбольш моцным ціскам, пад прэсінгам абставін. Ім можа стаць лягчэй і вальней, асабліва ў сферах, звязаных з кар'ерай. Увага пераходзіць на знакі фіксаванага крыжа — Цялец, Леў, Скарпіён, Вадаліў. У іх жыцці энергія барацьбы новага і старога ў найбліжэйшы час можа выяўляцца найбольш яскрава.

— Якім трэба пастарацца зрабіць сваё мысленне і светаўспрыманне, каб быць паспяховымі ў надыходзячым годзе?

— У эпоху Паветра вельмі важнымі становяцца ўменне знайсці аднадумцаў, здольнасць аб'ядноўвацца ў групы з агульнымі мэтамі. Узмацняецца значэнне ведаў. Трэба думаць прагрэсіўна, ісці ў нагу з часам, быць адкрытымі новаму. У надыходзячы перыяд ключавой становіцца здольнасць вучыцца ў любым узросце, атрымліваючы новыя веды і навыкі.

Гутарыла Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, "Звязда"

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!