Асноўная тэма - вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года сталі асноўнай тэмай для разгляду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Удзел у пасяджэнні прыняў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама С.К. Хацук.

 

Выступаючы з дакладам, першы намеснік старшыні райвыканкама А.В. Садоўскі адзначыў, што ў раёне забяспечана выкананне трох з чатырох ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы і двух з трох заданняў, даведзеных па паказчыках, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту. 

 

Так, індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 98,3% пры заданні 102,5%. Найбольш істотны ўплыў на невыкананне гэтага паказчыка аказала зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці ААТ “Васілішкі” ў сувязі з рэзкім зніжэннем пагалоўя свіней і вытворчасці для яго кармлення камбікорму. Зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі ў ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”(93%) абумоўлена зменай асартыменту выпускаемай прадукцыі, нестабільнай сітуацыяй на рынку па цане меднай катанкі.

 

 

Тэмп росту экспарту паслуг склаў 76,7% пры прагнозе 102%. Зніжэнне гэтага паказчыка адбылося з-за змяншэння аб’ёмаў транспартных паслуг. Не выканана таксама заданне па аб’ёме будаўніча-мантажных работ, што абумоўлена зніжэннем інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Аляксей Валянцінавіч асобна спыніўся на пытаннях знешнеэканамічнай дзейнасці, прыцягнення інвестыцый і стварэння рабочых месцаў.

 

– Абарот знешняга гандлю таварамі склаў 35,2 мільёна долараў ЗША, на экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 26,5 мільёна долараў ЗША, тэмп росту - 123 працэнты пры заданні на першае паўгоддзе 102,9 працэнта. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 23 краін свету, – адзначыў дакладчык. – У першым паўгоддзі прыцягнута 814 тысяч долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове пры даведзеным гадавым заданні 750 тысяч долараў ЗША. У раёне перавыкананы і паказчык па колькасці грамадзян, працаўладкаваных на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Забяспечаны і параметр па сярэднямесячнай намінальнай заработнай плаце, якая склала 773,2 рубля.

 

На пасяджэнні былі заслуханы кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе ёсць праблемы з выкананнем прагнозных паказчыкаў. Старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік звярнуў увагу на недапушчальнасць наяўнасці стратных прадпрыемстваў. Ён таксама нагадаў аб пастаўленай на дзяржаўным узроўні задачы: скараціць колькасць прадпрыемстваў з заробкам менш за 500 рублёў. 

 

Намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.І. Тодрык праінфармаваў аб выніках работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна.

 

Сельскагаспадарчымі арганізацыямі выраблена прадукцыі на суму 72,7 мільёна рублёў, тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 79,8% пры заданні 73,2%. Атрымана 62836 тон малака, што на 7,4% больш за ўзровень адпаведнага перыяду мінулага года. Сярэдні надой малака ад каровы ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 179 кг і дасягнуў 3287 кг. У сярэднім па раёне таварнасць малака склала 93,2%. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы склала 6405 тон, або 105,4% да ўзроўню 2018 года, свіней - 1784 тоны, або 15,8%. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы ўжо нарыхтавана 10,3 цэнтнера кармавых адзінак кармоў з траў, што больш за ўзровень мінулага года на 1 цэнтнер кармавых адзінак. 

 

Анатоль Іванавіч таксама акцэнтаваў увагу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў на вырашэнні шэрагу існуючых праблемных пытанняў. Для выканання тэхналагічных працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі аграрыі маюць неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу. У ліку задач - забеспячэнне пагалоўя запасам кармоў, эфектыўная работа новых малочнатаварных комплексаў, выкананне заданняў па будаўніцтве сянажных траншэй. Старшыня райвыканкама асаблівую ўвагу звярнуў на якасную падрыхтоўку ў сельгасарганізацыях да вырошчвання новага ўраджаю. Многае будзе залежаць ад захавання аптымальных тэрмінаў сяўбы і правільнага догляду пасеваў.

 

Намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Т.С. Роўба праінфармавала, што ў бюджэт раёна паступіла больш за 13 мільёнаў рублёў, або 46,2% от гадавога плана. Асноўную ўдзельную вагу - больш за 80% - склалі падатковыя паступленні. Бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту склалі 12 мільёнаў рублёў. Асноўную долю ў яго выдатках (73,8%) займае сацыяльная сфера, на яе фінансаванне накіравана амаль 19,6 мільёна рублёў, ці 46,2 працэнта ад удакладненага гадавога плана.

 

Падводзячы вынікі, Сяргей Васільевіч яшчэ раз падкрэсліў, што ў раёна ёсць рэзервы для выканання даведзеных паказчыкаў. Неабходна зрабіць высновы і скарэктаваць дзеянні на наступны перыяд, каб запланаваныя паказчыкі па выніках года былі дасягнуты. Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый раёна ёсць над чым задумацца і ліквідаваць наяўныя недахопы. На любым этапе работ павінна выконвацца тэхналагічная дысцыпліна, павышацца эфектыўнасць вытворчасці, каб адзначаўся рост заработнай платы работнікаў і фарміраваўся бюджэт раёна.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!