Анталогія аднаго рукапісу. З неапублікаванага апавядання шчучынскага журналіста і пісьменніка Уладзіміра Фядотава, знойдзенага ў сямейным архіве яго дачкі, даведаліся аб героі-партызане Бутоўскім

Калі супрацоўніцы раённай бібліятэкі імя Цёткі Тамары Менскай трапіўся рукапіс неапублікаванага апавядання шчучынскага журналіста і пісьменніка Уладзіміра Фядотава (працаваў у нашай раёнцы ў 1954-1967 гадах), яна літаральна праз сэрца прапусціла прачытанае.
Апавяданне “Радзіма паклікала ў бой” расказвае пра рэальнага чалавека – чырвонаармейца Дзмітрыя Бутоўскага, які ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны трапіў у палон, але заставаўся нязломным духам, нават у такіх складаных умовах, працуючы пад кантролем у немцаў у Лідскім дэпо, вёў падпольную барацьбу, а потым разам з таварышамі здолеў уцячы ў партызанскі атрад імя Варашылава і працягваў змагацца з ненавісным ворагам. Падзеі адбываюцца ў нашай мясцовасці…
Гэта апавяданне, заснаванае на дакументальных фактах, ды яшчэ асоба самога аўтара твора – Уладзіміра Фядотава, паслужылі падставай для цікавай сустрэчы прадстаўнікоў розных пакаленняў. На тэматычнае мерапрыемства “Старонкі мужнасці” ў бібліятэку прыйшла дачка пісьменніка, таксама журналіст Ала Фядотава, сабраліся адданыя чытачы, актывісты раённай ветэранскай арганізацыі, старшакласнікі СШ № 1 г. Шчучына. Гутарка атрымалася вельмі важнай для ўсіх: пра бацькоў-герояў, што адстаялі незалежнасць роднай зямлі, пра нашу гістарычную памяць, аб тым, якія надзеі ўскладваюцца на маладое пакаленне, што прымае эстафету памяці, каб не дапусціць цынічнага “перапісвання” тых вогненных падзей, бруду і ілжы, што сёння льюцца на нашу гісторыю…
Лёсы двух чалавек – Уладзіміра Фядотава і Дзмітрыя Бутоўскага паслужылі жывым прыкладам таго, што перажылі нашы людзі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Прадмовы да яго кніг напісаў Васіль Быкаў
Тамара Менская, якая, рыхтуючыся да гэтага мерапрыемства, правяла вялікую даследчыцкую работу, цікава расказвае аб яркім, але, на жаль, нялёгкім і вельмі кароткім жыцці Уладзіміра Фядотава:
– Уладзімір Мікалаевіч нарадзіўся 25 кастрычніка 1930 года ў вёсцы Заполле Шумілінскага раёна, што на Віцебшчыне. У 1942 годзе ўся мнагадзетная сям’я Фядотавых аказалася ў партызанскім атрадзе брыгады Караткіна. Валодзя, нягледзячы на юны ўзрост, быў разведчыкам і сувязным. Аднойчы хлопчык з бацькам не вярнуліся з задання. На лясной дарозе іх запынілі немцы і паліцаі. Пасля допыту і здзекаў, так і не даведаўшыся пра партызан, бацьку расстралялі, а Валодзю аглушылі ўдарам прыклада і кінулі ў роў з ледзяной вадой. Ён цудам выжыў, але вайна адабрала ў яго здароўе і скараціла жыццё… Уладзімір Фядотаў быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй”, “20 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.
Пасля вызвалення Беларусі У.М. Фядотаў закончыў школу, працягваў адукацыю ў ВПШ, быў накіраваны на Шчучыншчыну. Таленавіты чалавек, ён рэдагаваў газету палітаддзела Дубраўскай МТС, а з 1954 па 1967 гады жыў і працаваў у Шчучыне. Быў адказным сакратаром, а затым загадчыкам аддзела пісьмаў раённай газеты “Чырвоны сцяг”, якая пасля атрымала назву “Савецкая вёска”.
Як пісьменнік Уладзімір Фядотаў пакінуў нам у спадчыну дзве аповесці – і абедзве аб вайне: “Мёртвыя застаюцца жывымі” і “Сорак дзён”. Кнігі выйшлі ў выдавецтвах “Беларусь” і “Мастацкая літаратура” пасля смерці пісьменніка. Яго не стала 23 лютага 1967-га – у 36 год… Праводзіць у апошні шлях гэтага дастойнага чалавека і таленавітага журналіста, якога і сёння памятаюць нашы чытачы старэйшага пакалення, тады прыйшоў увесь горад, прыехалі простыя людзі з раёна.
Варта сказаць, што ў абласной газеце “Гродзенская праўда” аповесць “Мёртвыя застаюцца жывымі” была надрукавана ў 1964 годзе і прадмову да яе напісаў франтавік і пісьменнік Васіль Быкаў! Гэта твор пра яшчэ адну сястру Хатыні – вёску Вялікая Воля, якая тады адносілася да Шчучынскага раёна (цяпер Мастоўскага). Уражвае, наколькі актуальна ў кантэксце сучаснага расследавання па фактах генацыду беларускага народа гучыць сёння ўспрыманне Быкавым аповесці Фядотава: “…У дакументальнай аповесці без фальшывага пафасу, стрымана і аб’ектыўна расказваецца аб трагічным лёсе жыхароў вёскі Вялікая Воля, знішчаных фашыстамі. Аўтар – шчучынскі журналіст Уладзімір Фядотаў нароўні з бездакорным веданнем фактычнага матэрыялу, які адносіцца да вялікавольскай трагедыі, перадае дух таго часу, поўнага прыкладаў высокай мужнасці, ахвяравання і не пазбаўленага, на жаль, памылак і прамой здрады”.
А вось што Васіль Быкаў пісаў у прадмове да аповесці “Сорак дзён”, работу над якой Уладзімір Фядотаў закончыў літаральна за тыдзень да сваёй смерці: “… будучы хворым, Уладзімір Фядотаў ні дня не пражыў без справы – пісаў, кожны дзень матаўся па калгасах, апрацоўваў чужыя пісьмы – зрэшты, каму не вядома, як дастаецца хлеб раённаму журналісту? Аповесць “Сорак дзён” без бравады і найгранага пафасу, чалавечна і проста расказвае аб людзях, якіх вайна спасцігае праз многія і многія гады – адкрываюцца старыя раны, здае сэрца… Розныя лёсы, розныя людзі…
Прачытаўшы аповесць, з асаблівым болем разумееш, што смерць абарвала жыццё чалавека незвычайнага таленту, абарвала ў той момант, калі ён дасягнуў найбольшых творчых магчымасцей”…
Дзмітрыя Бутоўскага прадстаўлялі да звання Героя Савецкага Саюза
Але вернемся да рукапісу апавядання “Радзіма паклікала ў бой” і да асобы яго героя Дзмітрыя Бутоўскага. Бадай, кульмінацыяй твора з’яўляецца расповед пра тое, як Д. Бутоўскі з падручных матэрыялаў сам вырабіў выбуховае ўстройства для адказнай аперацыі на станцыі Скрыбаўцы. Пра гэты рэальны эпізод, што адбыўся 12 снежня 1942 года і ўвайшоў у гісторыю партызанскай “рэйкавай вайны”, паведамілі ў зводках Савінфармбюро, а тую канструкцыю, што змаймстраваў і залажыў на чыгунцы Дзмітрый, сталі называць “мінай Бутоўскага”.
З самага прыходу ў партызанскі атрад Дзіма ўразіў сваёй кемлівасцю ў падрыўной справе. Яго група заўжды вярталася з задання з добрым вынікам. 35 варожых эшалонаў з ваеннай тэхнікай і жывой сілай, прычым 24 – асабіста Бутоўскім – былі знішчаны і не дайшлі да лініі фронту! Сапраўдны герой, адважны і рашучы, ён стаў лідарам моладзі. Юнака назначылі памочнікам камандзіра партызанскага атрада па камсамоле, адначасова Д.М. Бутоўскі з’яўляўся сакратаром Шчучынскага падпольнага райкама камсамола.
Вось што чытаем напрыканцы рукапісу: “28 ліпеня 1943 года фашысты ўварваліся ў вёскі Парэчча, Сідараўцы, Баяры, падпалілі іх і пачалі расправу над мірнымі жыхарамі. Партызаны брыгады імя Варашылава паспяшаліся насустрач ворагу. Загарэўся бой, які працягваўся каля трох гадзін. Гітлераўцы былі разбіты. Партызаны страцілі дзевяць чалавек, сярод загінуўшых быў і Дзмітрый Бутоўскі. Шалёная куля напаткала яго ў самым канцы бою…”
Мы памятаем!
… На экране выява ўзнагароднага ліста, які быў накіраваны ў Маскву за подпісамі камандзіра і камісара партызанскага атрада П.К. Макарава і М.М. Белякова з хадайніцтвам аб прысваенні Д. Бутоўскаму звання Героя Савецкага Саюза, але пасмяротна мужны партызан быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені – таксама надзвычай высокай узнагародай.
– Я даведалася, што ў Дзень Перамогі ў шарэнгах “Бяссмяротнага палка” з партрэтам Дзмітрыя Бутоўскага штогод выходзіць ягоная ўнучка Лола Бутоўская, якая жыве ў Падмаскоўі, – здзіўляе нас вядучая мерапрыемства Тамара Менская. – На жаль, звязацца з ёй пакуль не ўдалося. Але, магчыма, за справу возьмуцца нашы юныя сябры – члены савета музея СШ № 1 горада Шчучына.
Тамара Міхайлаўна як эстафету памяці перадае вучням стылізаваны ваенны трохкутнік, у якім – перадрукаванае з рукапісу апавяданне Уладзіміра Фядотава пра маладога патрыёта Дзмітрыя Бутоўскага.
– Героі не павінны быць забытымі, – лічыць Тамара Менская. – Упэўнена, што мы сустрэнемся зноў, каб ужо ад вас, юных даследчыкаў, пачуць працяг гэтай гісторыі…
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.