Акцэнт на веды ў кадравай сферы. На базе ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі” прайшоў семінар-практыкум для спецыялістаў па кадрах
Кадры – самы каштоўны рэсурс любой арганізацыі, ад якога залежыць эфектыўнасць і выніковасць яе працы. Заканадаўства і асноўныя тэндэнцыі ў кадравай сферы пастаянна змяняюцца і патрабуюць ад кадравікоў высокай кваліфікацыі і падрыхтоўкі. Для таго, каб абмеркаваць актуальныя прафесійныя пытанні і падтрымаць належны ўзровень ведаў, у Шчучыне прайшоў семінар-практыкум для спецыялістаў кадравых служб упраўленняў і аддзелаў Шчучынскага райвыканкама, арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў Шчучынскага раёна.
Мерапрыемства прайшло на базе ДУК “Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі”. Праграма семінара-практыкуму складалася з дакладаў спікераў па важных і актуальных тэмах, якія выбіраліся згодна з аналізам самых частых пытанняў, якія ўзнікаюць у кадравікоў падчас працы.
Семінар-практыкум адкрывала начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Шчучынскага райвыканкама Алена Куканава:
– Падобныя семінары – гэта самая зручная форма дзейнасці, бо ні адна з дыстанцыйных формаў навучання не заменіць жывога кантакту паміж калегамі. Веды – гэта сіла, але з істотнай папраўкай: прымяненне ведаў – гэта сіла. Сёння важна ўмець прымяняць веды на практыцы. Таму зараз мы абмяркуем новаўвядзенні заканадаўчай базы, разбяром спрэчныя сітуацыі і атрымаем зваротную сувязь. Спадзяваюся, што гэта дазволіць у будучым якасна вырашаць пастаўленыя перад намі задачы.
Спецыфіка прафесійнай дзейнасці спецыялістаў па кадрах паступова змяняецца. Калі раней асноўнай задачай кадравіка быў адбор прэтэндэнтаў на вакансію, то сёння актуальным з’яўляецца пошук і ўтрыманне супрацоўнікаў.
З дакладам аб фарміраванні кадравага патэнцыялу Шчучынскага раёна на аснове мэтавай падрыхтоўкі перад слухачамі выступіла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Жанна Мецько. Яна расказала пра дзейнасць профільных класаў, змяненні ў Палажэнні аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў, работнікаў і служачых. Таксама ўвага была нададзена прафарыентацыйным ініцыятывам. Так, сёлета ў нашым раёне праходзіць кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, у рамках якога школьнікі з прафарыентацыйнымі экскурсіямі наведваюць арганізацыі і прадпрыемствы.
Таксама з дакладамі на актуальныя тэмы выступілі начальнік Шчучынскага раённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Таццяна Зенчык і іншыя.
Пасля інфарматыўных дакладаў удзельнікі семінара-практыкуму змаглі задаць хвалюючыя іх пытанні і разабраць складаныя і неадназначныя сітуацыі з працоўнай практыкі.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.