Акцэнт на прафесіі следчага. Прафарыентацыйную сустрэчу са старшакласнікамі Шчучына правялі прадстаўнікі Следчага камітэта
У СШ № 1 прайшла прафарыентацыйная сустрэча супрацоўнікаў Следчага камітэта з адзінаццацікласнікамі школ нашага райцэнтра. Старшакласнікі даведаліся аб патрабаваннях да абітурыентаў ВНУ і ўмовах праходжання службы, а таксама змаглі азнаёміцца з абсталяваннем мабільнай крыміналістычнай лабараторыі.
Падчас прафарыентацыйнай сустрэчы галоўны інспектар упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Сяргей Кірпля расказаў шчучынскім школьнікам аб гісторыі ведамства і асаблівасцях прафесіі следчага.
– Вядучае месца ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для СК займае следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Сяргей Кірпля. – У мінулым годзе для паступлення на гэты факультэт абітурыентам было дастаткова набраць 247 балаў на ЦТ, аднак акрамя ведання школьных дысцыплін кожны кандыдат павінен паспяхова прайсці медыцынскую камісію. Тэрмін навучання на факультэце складае 4 гады, на гэты час студэнты забяспечваюцца месцам пражывання, формай, харчаваннем і стыпендыяй.
Пасля выступу Сяргея Кірплі старшакласнікам паказалі адмысловы прафарыентацыйны ролік, у якім акцэнт быў зроблены на асноўных аспектах працы Следчага камітэта.
Далей адбылося знаёмства з мабільнай крыміналістычнай лабараторыяй і яе ўнікальным абсталяваннем. Старшы следчы крыміналістычнага аддзела УСК па Гродзенскай вобласці Максім Гаркавы паказаў школьнікам, як трэба шукаць адбіткі пальцаў, карыстацца металашукальнікамі, дронамі і ўльтрафіялетавымі лямпамі. Вельмі цікава было назіраць за працай зонда з камерай.
– Кожны год мы праводзім прафарыентацыйныя мерапрыемствы для таго, каб знайсці выпускнікоў, якія ў будучым звяжуць сваё жыццё з працай следчага. Каб паказаць на практыцы нашу дзейнасць, мы дэманструем мабільную крыміналістычную лабараторыю, цікавасць да якой у хлопцаў і дзяўчат заўсёды вялікая, – заўважыў Максім Гаркавы.
Што прафарыентацыйныя сустрэчы такога кшталту маюць добры вынік, перакананы і старшы следчы Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Кандратовіч:
– На такіх сустрэчах атрымліваецца данесці да школьнікаў сэнс і важнасць прафесіі следчага, а таксама знайсці патэнцыйных курсантаў. Летась на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС са Шчучынскага раёна паступілі тры чалавекі. Сёлета мы ўжо ведаем пра шэсць кандыдатаў. Акрамя падобных прафарыентацыйных сустрэч, мы плануем у хуткім часе арганізаваць для школьнікаў экскурсію на следча-экспертны факультэт, для таго каб зацікаўленыя ў паступленні сюды пазнаёміліся з побытам курсантаў і ўмовамі іх навучання.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.