Адкрыты дыялог сабраў прадстаўнікоў усіх раёнаў Гродзеншчыны. У актавай зале Палаца культуры Ліды прайшоў абласны этап рэспубліканскай акцыі “Беларусь адзіная”
Напярэдадні Дня народнага адзінства па ўсёй нашай краіне з 4 па 17 верасня праходзіць грамадска-палітычная акцыя “Беларусь адзіная”. Яе абласны этап прайшоў у Лідзе і сабраў каля 540 прадстаўнікоў з усіх раёнаў Гродзеншчыны. Удзел у акцыі ўзяла таксама і дэлегацыя са Шчучыншчыны.
Галоўнай задачай ініцыятывы “Беларусь адзіная” з’яўляецца кансалідацыя патрыятычных сіл, абагульненне дасягненняў незалежнай Беларусі і абмеркаванне актуальнай павесткі дня. У адкрытым дыялогу прадстаўнікі раёнаў Гродзенскай вобласці змаглі выказаць свае думкі і задаць хвалюючыя пытанні экспертам і спікерам, сярод якіх былі дырэктар прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” Вольга Шпілеўская, старшыня беларускай партыі “Белая Русь” Алег Раманаў, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў і старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч. Мадэратарам сустрэчы стаў старшыня праўлення Беларускага таварыства "Веды" Вадзім Гігін.
Каля дзвюх гадзін дэлегаты і спікеры абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з падзеямі 1939 года, праблемамі і дасягненнямі ў моладзевай палітыцы нашай краіны. Таксама дэлегатаў цікавіў стан эканомікі, гістарычныя ўмовы фарміравання беларускага народа. Асобная дыскусія была прысвечана пытанням развіцця беларускай мовы і культуры.
Напрыканцы дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі мерапрыемства далучыліся да памятнага мітынгу і ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Курган бяссмерця” ў горадзе Ліда.
Сваімі ўражаннямі і меркаваннямі аб сустрэчы ў рамках акцыі “Беларусь адзіная” з намі падзяліліся прадстаўнікі дэлегацыі Шчучынскага раёна.
Як адзначыў член камісіі па пытаннях экалогіі, валанцёрскім руху і ўстойлівым развіцці Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Маладзёжнага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў Арцём Даўгоўскі, падобныя сустрэчы карысныя ў першую чаргу сваёй адкрытасцю і магчымасцю выказацца:
– Хутка мы адзначым адно з найважнейшых дзяржаўных свят нашай краіны – Дзень народнага адзінства. Усе акцыі і мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага свята, нясуць у сабе добры пазітыўны сэнс. Напрыклад, акцыя “Беларусь адзіная” паказвае адкрытасць улады, магчымасць задаць любое пытанне, якое хвалюе, і атрымаць адказ, выступіць з ініцыятывай. Прыемна, што мы можам чуць меркаванні кіраўнікоў вядучых арганізацый нашай краіны, пагутарыць з імі, даведацца пра іх погляд на розныя падзеі.
– Фармат мерапрыемства атрымаўся даволі крэатыўным, – заўважыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Анастасія Міхалоўская. – Дыялогавая пляцоўка дала магчымасць зразумець, чым жыве наш рэгіён і што цікавіць яго жыхароў. Уразілі спікеры, людзі з досведам, якія дэманстравалі сваё меркаванне. Сустрэча прайшла патрыятычна, атрымалася закрануць важныя пытанні ў моладзевай палітыцы, жыцці грамадскіх арганізацый. Шмат у чым гэты дыялог быў карысны для ідэалагічнага актыву нашай вобласці. Бо гучалі розныя думкі, часам адбываліся канструктыўныя дыскусіі, што, як мне здаецца, толькі спрыяе паразуменню і аб’яднанню нашага грамадства.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.