Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў сустрэла свой 10-гадовы юбілей

Гэту знакавую дату калектыў і наведвальнікі аддзялення адзначылі ва ўрачыстай абстаноўцы, разам з гасцямі з раёна і вобласці, сябрамі і блізкімі людзьмі.

Удзел у прыгожым свяце прынялі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама І.В. Ланавая, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, старшыня РА РГА "Белая Русь" Ю.Т. Пашук, ксёндз Вітальд з касцёла Святой Тэрэзы Авільскай і іншыя паважаныя людзі. Усе яны запэўнілі, што рады поспехам калектыву аддзялення і жыхароў раёна, для якіх ён працуе, пажадалі моцнага здароўя і ўсіх зямных даброт.

У прыватнасці, Ганна Станіславаўна Хвядзюк, выступаючы з прывітальным словам, з задавальненнем адзначыла, што аддзяленне набыло свой асаблівы статус у раёне, а яго работнікі на чале з Аксанай Канстанцінаўнай Шостак "умеюць падабраць ключык да сэрцаў сваіх падапечных". Яна падзякавала за працу, пажадала ўсім моцнага здароўя, сіл, аптымізму, не пасаваць перад жыццёвымі цяжкасцямі.

У зале гучала музыка і шмат добрых слоў. Адзначалася, што невялікі калектыў сацыяльнай установы – сапраўдны сябра,  надзейная апора для 25 жыхароў горада і раёна, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе. Аб тым, што аддзяленне за 10 год стала другім і надзвычай цёплым домам для яго наведвальнікаў, што тут яны акружаны клопатам і ўвагай, могуць сустракацца, займацца карыснай справай, пашыраць свой кругагляд, гаварылі таксама старшыня раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ" А.А. Кавальская, мама наведвальніка аддзялення Г.Ф. Скерсь, сябра аддзялення Н.Я. Манкевіч. Экскурс у гісторыю стварэння сацыяльнай структуры зрабіў першы кіраўнік аддзялення-юбіляра З.І. Кахновіч.

 Усе выступоўцы былі аднадушныя ў тым, што дзейнасць аддзялення важная і запатрабаваная. Дарэчы, добрая справа заўжды знаходзіць падтрымку ў кіраўніцтва раёна.

Госці прыйшлі з падарункамі, а гаспадары прыгатавалі для ўдзельнікаў святочнай імпрэзы апетытны і прыгожы торт.

"Тут мы набіраемся добрага вопыту, вучымся рукадзеллю, сваімі рукамі ствараем прыгожыя рэчы, – падзялілася наведвальніца аддзялення, жыхарка Руткевічаў Галіна Іосіфаўна Адаська. – А самае галоўнае, тут мы атрымліваем любоў і спагаду, можам сябраваць і развівацца. Работнікі аддзялення нас разумеюць і паважаюць". "Рады быць сёння разам з усімі на свяце, – прызнаўся яшчэ адзін наведвальнік Дзмітрый Юр'евіч Салейка з вёскі Трудавая. – Тут працуюць такія душэўныя і добразычлівыя людзі".

Дарэчы, Дзмітрый – таленавіты чалавек, ён выканаў са сцэны прыгожую песню. Феерверк эмоцый выклікала ў зале выступленне крэатыўных артыстаў раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Душэўныя песні падарылі Марыя Сідаровіч, Дзмітрый Паварго, Марыя Мілеўская, Вікторыя Далгашэя, Кацярына Міхеенка, Валянціна Маркевіч, Таццяна Ціцяк. Званочкам гучаў са сцэны голас вядучай Алены Борэль.

Пры правядзенні юбілейнай урачыстасці была запатрабавана і дапамога членаў атрада "Юны валанцёр" пярвічнай арганізацыі "БРСМ" СШ №3 г. Шчучына пад кіраўніцтвам Кацярыны Дзямідавай.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!