Ад усяго сэрца. Колькі давядзецца выдаткаваць гэтай вясной на кветкі для каханай
Адзін з дзейсных спосабаў знізіць уздзеянне стрэсу — станоўчыя эмоцыі. На шчасце, нават у самыя складаныя часы ёсць тое добрае, што застаецца нязменным. Напрыклад, кветкі для каханых жанчын на 8 Сакавіка. Напярэдадні жаночага дня ўдакладняем, колькі сёння каштуюць ружы і цюльпаны.
8 Сакавіка — свята, калі мужчыны дораць жанчынам букеты, а гандлёвыя пункты, што займаюцца кветкамі, робяць, мабыць, максімальную касу за год. Быў час, калі за адзін дзень — 8 Сакавіка — на продажы кветак зараблялі суму, роўную сярэдняй сталічнай зарплаце за месяц, успамінаюць прадаўцы. Сёння іх прагнозы пазбаўлены аптымізму: занадта шмат у людзей надзённых патрэб, на якія прыходзіцца выдаткоўваць грошы. І ўсё ж да свята прадаўцы гатовыя. Гэта для нас Міжнародны жаночы дзень прыходзіць раніцай 8 Сакавіка. У гандляроў кветак — свой каляндар. І рыхтавацца да галоўнага дня года яны пачынаюць ужо з пачатку лютага, распавядае Іна (кіёск, дзе яна гандлюе кветкамі, знаходзіцца ў падземным пераходзе метро). Першым закупляецца дэкор — усе гэтыя стужачкі, скрыначкі і прыгожая ўпаковачная папера — адразу на тры святы, пачынаючы з Дня закаханых (жанчыны мужчынам, дарэчы, таксама часам дораць кветкі, хоць у нашай культурнай традыцыі — досыць рэдка). Але самае галоўнае свята для прадаўцоў кветак з трох вясновых, вядома ж — 8 Сакавіка, кажа Іна. Яна адзначае, што цюльпанаў звычайна прадаецца больш, чым руж. Па-першае, менавіта цюльпаны — сімвал вясны і ў прыватнасці, 8 Сакавіка.
— Раней гэта былі мімозы, але малады пакупнік іх не надта любіць, у асноўным мімозу ў букет просяць дадаць людзі старэйшага ўзросту, — заўважае суразмоўца.
Ды і ружы адчувальна даражэйшыя. Калі ёсць выбар — тры ружачкі або ахапак цюльпанаў, другі варыянт выглядае больш прывабна.
— Гатовыя букеты мы складаем, пачынаючы ад дзевяці—пятнаццаці цюльпанаў, — кажа Іна. — Але, зразумела, можам зрабіць букет з такой колькасці кветак, колькі трэба.
Яна распавядае, што для таго, каб быў попыт, да 8 Сакавіка звычайна закупляецца шэсць-восем сартоў цюльпанаў, у тым ліку махрыстыя, з «ірванымі пялёсткамі» і градыентныя — дзе пялёсткі афарбаваны з пераходам колеру, напрыклад, ад бледна- да цёмна-ружовага або ад белага да далікатна-фіялетавага. Запатрабаваны класічныя чырвоныя цюльпаны — іх звычайна каля траціны ўсёй закупкі. Радзей за ўсё, па назіраннях суразмоўніцы, чамусьці купляюць на 8 Сакавіка цюльпаны цёмных колераў, асабліва фіялетавыя. Хоць у спалучэнні з белымі або жоўтымі ў гатовых букетах яны якраз раскупляюцца добра. У першую чаргу прыцягваюць увагу пакупнікоў цюльпаны «найвышэйшай катэгорыі» — вышынёй каля 50 см, з дыяметрам бутона каля 5 см. Але яны і даражэйшыя за іншыя.
Самыя хадавыя колеры руж на 8 Сакавіка — чырвоныя, другія па запатрабаванасці — белыя, распавядаюць прадаўцы. Іншыя расфарбоўкі не надта актуальныя менавіта ў гэтае свята.
— Вось на Дзень закаханых добра прадаюцца ружовыя ружы: ад цёмных да светлых адценняў, — заўважае гандляра Ганна.
Гэта звязваюць з тым, што на жаночы дзень большасць пакупнікоў — мужчыны, а яны ў выбары кветак кансерватыўныя і не занадта вынаходлівыя. Аранжавыя, фіялетавыя і двухколерныя ружы хутчэй разлічаны на пакупніц, чым на пакупнікоў: жанчыны больш крэатыўныя, кажа яна.
— Калі мужчына вырашае ўразіць каханую сваім букетам, ён хутчэй купіць што-небудзь ужо зусім дзіўнае. Якога-небудзь цацачнага мядзведзя з жывых руж... Тут у пераходзе дзяўчына гандлявала сінімі і зялёнымі ружамі: кветкі проста пафарбавалі фарбай. Я думала: няўжо хто-небудзь такое можа купіць? Гляджу — падыходзіць мужчына і купляе...
Што пачым і ці будзе даражэй?
Ці стануць кветкі даражэйшыя сёмага і восьмага Сакавіка? Прадаўцы кажуць, цэны могуць падскочыць, хоць попыт сёлета, верагодна, будзе не занадта вялікі нават у параўнанні з мінулай вясной, не кажучы ўжо пра папярэднія гады.
— Нацэнка ў святы застаецца такая ж, як у будні: мы зарабляем выключна за кошт павелічэння аб'ёмаў продажаў. Проста напярэдадні вясновых свят кветкі штогод становяцца даражэйшымі ў закупцы, — тлумачыць Іна. — А ў гэтым годзе кветкі, асабліва экзотыка, кожны раз прыходзяць усё даражэйшымі і даражэйшымі. Сёння паступае новая партыя, і па якой цане прыйдзецца прадаваць свежыя кветкі, мы пакуль не ведаем.
Ажыятажны попыт на кветкі пачынаецца за пару дзён да 8 Сакавіка, і яшчэ некалькі дзён пасля свята звычайна застаецца досыць высокім, кажа суразмоўніца: букеты дакупляюць тыя, хто спазніўся, па нейкіх прычынах не паспеў павіншаваць сваіх каханых жанчын.
Сёння цюльпаны прадаюць па 3 рублі, імпартныя буйныя ружы абыдуцца пакупніку ад 9 да 7 рублёў (тут усё залежыць ад вышыні кветкі). Букеты каштуюць у сярэднім 38—45 рублёў (у залежнасці ад складу фларыстычнай кампазіцыі).
— Букет з альстрамерыі каштуе 28 рублёў, але гэта апошні па старой цане. У нас пакуль альстрамерыя па восем рублёў, а ў суседнім кіёску ўжо па дзесяць. А свежыя кветкі, магчыма, будуць яшчэ даражэйшыя.
Для параўнання, цікава будзе ўспомніць леташнія цэны. Мінулай вясной на 8 Сакавіка ружы з Кеніі і Эквадора — у залежнасці ад вышыні — каштавалі ад 4,50 да 6,50, хрызантэмы — па 6 рублёў за галінку, гваздзікі і цюльпаны — па 2,50. А вось букеты засталіся практычна ў тых жа цэнавых межах. Пакупнікі нярэдка хочуць самі выбіраць ружы, распавялі прадаўцы. Але і гатовыя фларыстычныя кампазіцыі (букеты) карыстаюцца попытам. З ружамі звычайна камбінуюць берграс, папараць, рускус. Каб адцяніць каралеву кветак, фларысты падбіраюць расліны з дробнымі суквеццямі — гіпсафілу, хрызантэму, астранцыю, лаванду, танацэтум (такія дробныя рамонкі), дэльфініум.
Калі казаць аб прафесійных рызыках «кветачнікаў» на 8 Сакавіка, то іх дзве, і яны супрацьлеглыя: што тавару не хопіць і што тавар застанецца, распавядае Тамара Лявонцьеўна. Яна гандлюе цюльпанамі ўласнай вытворчасці (вырошчвае кветкі на сваіх сотках пад Мінскам) з імправізаванага прылаўка з кардонных скрынь і фанеры ў пераходзе метро. Дапамагае ёй унучка Марына.
— Калі не хопіць тавару, страціш магчымы прыбытак, — тлумачыць дзяўчына.
Зрэшты, канкурэнцыя на 8 Сакавіка асабліва высокая: хутчэй, цюльпаны застануцца, чым іх не хопіць. Між тым тавар вельмі недаўгавечны, а пакупнік сёння пераборлівы. Таму бліжэй да вечара Восьмага сакавіка кветкі (але не ружы, вядома) імкліва таннеюць.
— Летась тое, што засталося непрададзеным пасля 8 Сакавіка, аддалі ў царкву, — кажа Марына.
А ў цэлым у буднія дні з кожнай партыі кветак звянуць, так і не знайшоўшы «гаспадара», каля 15—20 працэнтаў, кажа прадавец Ганна. Гэта рэаліі кветачнага бізнесу, якія, дарэчы, улічваюцца пры фарміраванні цэн для пакупніка.
Цюльпаны «ўласнай вытворчасці» ў бабулі Тамары каштуюць па 3 рублі штучка — гэтак жа, як у павільёне. Букецік з 15 цюльпанаў, адпаведна, — 45 рублёў.
— Гэта нашы кветкі, беларускія. І там, у кіёску, таксама беларускія цюльпаны. Калі вам скажуць, што гэта Галандыя — дык гэта не Галандыя, а Ждановіцкі цяплічны камбінат, — выкрывае яна канкурэнтаў.
«Клопат патрэбны і людзям, і кветкам...»
Буйныя ружы на высокіх ножках прыбываюць у Беларусь здалёк — з Кеніі, Эквадора, Нідэрландаў (пакуль, кажа Ганна, кветкавы бізнес праблем з лагістыкай не адчуў, кветкі прыязджаюць своечасова). Але апошнім часам многія пакупнікі выбіраюць ружы беларускай вытворчасці. Бутоны ў іх не такія пышныя і сцёблы танчэйшыя, затое яны больш танныя.
«Дорорсаўскія» павільёны, дзе гандлююць толькі беларускімі кветкамі, шукаем на чыгуначным вакзале. Купляюць айчынныя ружы звычайна не па тры штучкі, а пачынаючы недзе ад сямі — дробныя ружачкі тым лепш выглядаюць, чым іх больш. Самая аптымальная колькасць — дзевяць — адзінаццаць штук, распавялі прадаўцы. Каштуе адна ружа ад 2,40 (за кветку вышынёй 30 см) да 4,20 (за 80 см). З мінулай вясны беларускія ружы падаражэлі нязначна (год таму за іх прасілі ад 1,80 да 3,50). Цюльпаны ў кветкавых павільёнах «Дорорс», мабыць, — самы бюджэтны варыянт, па 2,50, букеты — ад 20 рублёў.
Атрымаўшы ў падарунак кветкі, зразумела, хочацца захаваць гэтую прыгажосць як мага даўжэй. Самыя ўстойлівыя ў зрэзцы кветкі — хрызантэмы, яны будуць радаваць вас каля 10—14 дзён. Ружы пры правільным доглядзе пражывуць тыдзень. Ружа любіць ваду — трэба наліваць поўную вазу.
— Звычайна я раю пакупнікам кожны дзень абнаўляць зрэз на сцеблах руж вострым нажом (у ідэале фларыстычным, але можна і канцэлярскім), — кажа Іна. — Зрэз трэба рабіць косы, гэта павялічвае плошчу харчавання расліны. Тут ёсць адна хітрасць: падразайце сцёблы пад вадой, так «сасуды» сцябла не закупорваюцца паветрам.
Ваду ў вазе з ружамі фларысты раяць мяняць штодня: слізь і бактэрыі хутка «загубяць» ваш букет. Лісця і шыпоў пад вадой быць не павінна — іх трэба зрэзаць.
— У ідэале шыпы наогул лепш зрэзаць па ўсёй даўжыні сцябла, каб усе пажыўныя рэчывы паступалі да бутону, — раіць суразмоўца.
Ружы аддаюць перавагу прахалодзе — не стаўце букет каля батарэі, а таксама там, дзе на кветкі будзе трапляць прамое сонечнае святло.
Таксама існуюць народныя метады падаўжэння жыцця букету руж.
- Можна дадаць у ваду нашатырны спірт, 3-4 кроплі на вазу. Размяшаць, пачакаць 5—10 хвілін і паставіць у гэтую ваду ружы. Гэта падоўжыць ім жыццё. Той жа эфект дае драўняны вугаль, даданы ў ваду, у якую ставім ружы.
- Яшчэ адзін варыянт — насыпаць у ваду цукар: 2 ч. л. на літр вады.
- І, нарэшце, падоўжыць жыццё букету дапамагае раствораны ў вадзе аспірын.
Цюльпаны здольныя пражыць у зрэзцы да 10 дзён.
— Колькі пражыве букет цюльпанаў? Па-рознаму. Залежыць ад таго, як з ім будуць абыходзіцца. Клопат патрэбны і людзям, і кветкам, — філасофствуе Тамара Лявонцьеўна. — Цюльпаны не трэба «перапойваць», яны не любяць ваду. Ваду варта наліваць толькі да пачатку лісцікаў, мяняць яе кожны дзень і мыць вазу ўнутры: цюльпаны любяць чысціню. І не ставіць букет у цяпло, каб бутоны не раскрыліся.
Дзіяна РОНІНА
Фота аўтара