“Ад сэрца – да сэрца”. Калектыў ТЦСАН парадаваў сваёй творчасцю гасцей – актывістаў раённай арганізацыі БелТІЗ

Шчучынская раённая арганізацыя БелТІЗ аб’ядноўвае каля 70 чалавек з праблемамі зроку. Будні гэтых людзей вельмі нялёгкія, але як умеюць яны радавацца святам! 

 

Нядаўна калектыў ТЦСАН падрыхтаваў канцэртную праграму “Ад сэрца – да сэрца”, каб парадаваць сваёй творчасцю гасцей з Ражанкі, Вялікага Мажэйкава, Ляшчанкі, Шчучына, іншых населеных пунктаў, якія прыехалі на свята. 

 

 

Вядучыя мерапрыемства Вольга Сцефановіч і Дзмітрый Салейка не шкадавалі для гасцей добразычлівых слоў і пажаданняў, запрашалі самадзейных артыстаў падзяліцца яркімі іскрынкамі свайго таленту. Сапраўды, творчая група супрацоўнікаў ТЦСАН здзіўляла сваім сцэнічным майстэрствам, уменнем запаліць агеньчык у сэрцах людзей няпростага лёсу, падарыць пазітыўны настрой. У зале аказалася некалькі імяніннікаў, якіх дружна ўшанавалі і ўручылі сувеніры.

 

 

Дарэчы, падарункі былі падрыхтаваны і для іншых членаў раённай арганізацыі БелТІЗ. 

 

 – Гэта стала магчымым дзякуючы нашаму спонсару – калектыву ААТ “Дэмбрава” і яго дырэктару Аляксандру Віктаравічу Туля, за што мы вельмі ўдзячны партнёрам, – падзялілася старшыня РА БелТІЗ А.А. Кавальская. – Не магу не выказаць словы ўдзячнасці за плённае супрацоўніцтва і дырэктару РУП ЖКГ Андрэю Валер’евічу Шкіндзераву. Па нашай просьбе камунальнікі аператыўна вырашылі шэраг пытанняў, узнятых членамі раённай арганізацыі. Так, ва ўсіх шматпавярхоўках, дзе жывуць інваліды па зроку, абазначаны лесвічныя маршы, адрамантаваны лаўкі ля пад’езда па вуліцы Камсамольскай і тратуарная дарожка па вуліцы Рудога ў Шчучыне. Мы спадзяёмся і на далейшае разуменне і падтрымку.

 

 

 

Напрыканцы мерапрыемства людзі абменьваліся ўражаннямі, выказвалі словы падзякі ў адрас арганізатараў.

 

 – Я і не думала, што нашы супрацоўнікі сацыяльнай службы да ўсяго яшчэ і выдатныя артысты. Цудоўнае свята для нас арганізавалі. Але самае галоўнае, што яны адкрытыя, спагадлівыя людзі, на якіх заўсёды можна разлічваць, калі сутыкнешся з цяжкасцямі, – разважае жыхарка вёскі Галынка Марыя Іосіфаўна Абухоўская, якая мужна змагаецца з немаччу з дзяцінства і не здаецца, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са зрокам, застаецца вялікім жыццялюбам.

 

 

 – А мы прыехалі на свята з Ляшчанкі ўсёй сям’ёй, – шчасліва ўсміхаецца Ала Юр’еўна Свістун. – Мяне ва ўсім падтрымліваюць муж Сяргей Тадэвушавіч і дачушка Ульяна. Такія сустрэчы нам вельмі патрэбны, яны натхняюць і акрыляюць. 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!