80 год сумленнай працы. Работнікі Саўгаса “Вялікае Мажэйкава” падвялі вынікі работы за мінулы год і адзначылі салідны юбілей свайго прадпрыемства

 

Падвесці вынікі працы за мінулы год і адзначыць салідны 80-гадовы юбілей свайго прадпрыемства сабраліся работнікі Саўгаса “Вялікае Мажэйкава”. Святочнае мерапрыемства прайшло ў Скрыбаўскай СШ і сабрала шмат гасцей. Мажэйкаўскіх аграрыяў віншавалі старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, прафсаюзны лідар аграрыяў Шчучыншчыны Генрых Юрэвіч, старшыня Мажэйкаўскага сельвыканкама Алена Жэшка і дырэктар Скрыбаўскай СШ Аляксандр Шалесны. Адзначыць юбілей роднай гаспадаркі таксама завіталі ветэраны прадпрыемства, сярод якіх быў і былы старшыня саўгаса Генрых Шчэрба.

 

 

Канцэртную праграму для работнікаў і ветэранаў сельскагаспадарчага прадпрыемства падрыхтавалі вучні Скрыбаўскай школы. Дзеці расказвалі вершы, спявалі песні. Галоўнай тэмай іх творчага выступу стала даніна пашаны людзям, якія працуюць дзеля сытага жыцця ўсёй краіны. Таксама сваімі выступамі парадавалі аграрыяў артысты з Ліды, сярод якіх была фіналістка шоу “Фактар.BY 60+” Таццяна Капачэль.

 

Далей з дакладам аб выніках за мінулы год выступіў дырэктар саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Пётр Роўба. Сваю прамову ён пачаў з гісторыі прадпрыемства.

 

 

19 лютага 1945 года на базе двух маёнткаў быў арганізаваны саўгас-камбінат “Вялікае Мажэйкава”. Асноўнай мэтай гаспадаркі доўгі час з’яўлялася вырошчванне лекавых траў.

 

Як адзначыў Пётр Роўба ў 2024 годзе гаспадаркай было выраблена валавай сельскагаспадарчай прадукцыі на суму 23 мільёны рублёў. Тэмп росту ў параўнанні з 2023 годам склаў 105,3% пры заданні 103,3%.

 

Валавая вытворчасць малака за 2024 год дасягнула 8936 тон. Надой на адну карову склаў 7370 кілаграмаў, лепшым вынікам у гэтым паказчыку адзначыўся МТК “Агароднікі” дзе атрымалі 8407 кілаграмаў малака з адной каровы.

 

 

 

 

Валавая вытворчасць збожжавых культур разам з кукурузай у Саўгасе “Вялікае Мажэйкава” летась склала 12250 тон, пры тэмпе росту ў параўнанні з 2023 годам  118,5%. Валавы збор масланасення рапсу перавысіў вынік 2023 года на 256 тон і склаў 1863 тоны. Для патрэб жывёлагадоўлі мажэйкаўскія аграрыі нарыхтавалі ў 2024 годзе 22822 тоны кармавых адзінак.

 

 

 

– Дарагія сябры, – звярнуўся да прысутных Пётр Роўба. – Хачу выказаць словы шчырай удзячнасці кожнаму нашаму работніку. Дзякуй вам за працу! Мы адзначаем 80-годдзе нашай гаспадаркі. Сёння з намі на свяце нашы ветэраны, якія аддалі значную частку свайго жыцця і здароўя на карысць нашай агульнай справы. Нават у складаныя гады станаўлення нашай рэспублікі вы працавалі на карысць гаспадаркі і заклалі той падмурак, на якім сёння мы будуем сучасную вытворчасць.

 

Таксама да словаў віншавання далучылася Ганна Хвядзюк:

 

– Дазвольце ад імя кіраўніцтва раёна ад усё душы павіншаваць вас са значным юбілеем. За час свайго існавання прадпрыемства прайшло шмат этапаў развіцця. Былі ўзлёты і падзенні, перамогі і нястачы, але разам з тым ваш дружны калектыў заўсёды імкнуўся ісці наперад. Сёння прадпрыемства развіваецца стабільна і годна. Так, ёсць пытанні над якімі яшчэ трэба працаваць, але добра што вы бачыце ўсе праблемныя моманты і шукаеце спосабы іх вырашэнне. Хачу сказаць вялікі дзякуй усім вам за ўнёсак у харчовую бяспеку нашай краіны. Дзякую за прафесіяналізм, досвед і за тое, што вы, не лічачыся са сваім часам, заўсёды гатовыя выканаць пастаўленыя задачы.

 

Мерапрыемства працягнулася цырымоніяй узнагароджвання, падчас якой работнікі і ветэраны прадпрыемства атрымалі ўзнагароды. Ганаровай граматай Шчучынскага райвыканкама быў адзначаны Дзмітрый Субач. Падзячны ліст Шчучынскага райвыканкама атрымалі Мікалай Квач і Аляксандр Леляўка. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў былі адзначаны Віктар Жэшка і Алег Рудзевіч.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!