Сёлета Шчучыну спаўняецца 500 год

“Як так? -- можа спытаць хтосьці з дапытлівых чытачоў. -- Яшчэ ж у памяці тое, калі восенню 2007-га гучна і хораша адзначалі 470-годдзе нашага горада. Дзесяць год усяго прайшло, а Шчучын, выходзіць, пасталеў ажно на  тры дзесяцігоддзі?”
-- Гэта ніякі не парадокс, -- усміхаецца намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.Г. Амшэй, дарэчы, сам кампетэнтны і дасведчаны краязнаўца. -- Як вядома, датай заснавання ў гісторыкаў прынята лічыць першае пісьмовае ўпамінанне пра пасяленне. Так атрымалася, што амаль ці не наўздагон урачыстасці з нагоды 470-годдзя Шчучына ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў былі адкрыты яшчэ больш даўнія звесткі, дзе ўзгадваўся Шчучын.

Найбольш ранняе ўпамінанне знойдзена ў матэрыялах так званай «Літоўскай метрыкі» -- архіва Дзяржаўнай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага. У першай Кнізе запісаў «Літоўскай метрыкі» ёсць запіс, зроблены ў Кіеве і датаваны 1 верасня 1517 года аб тым, што Барбара Станіславаўна Кішчына з Чэханоўца, жонка ваяводы кіеўскага Ежы Мікалаевіча Радзівіловіча, перапісвае на імя польскага караля і вялікага князя літоўскага Сігізмунда І шэраг маёнткаў, што засталіся ёй у спадчыну пасля смерці мужа. Сярод назваў упамянёны і Шчучын. Гэта і ёсць навуковая падстава адлічваць гісторыю нашага горада ні многа ні мала, а пяццю стагоддзямі.

Цікава, што сёлетні 500-гадовы юбілей акурат супаў з … 55-годдзем Шчучына ў статусе горада раённага падпарадкавання. Зразумела, што гэтыя памятныя ў гісторыі нашага райцэнтра даты не застануцца незаўважанымі і напрыканцы лета выльюцца ў прыгожую ўрачыстасць з тэатралізаванай вандроўкай у гісторыю, услаўленнем працоўных дынастый, вялікай праграмай цікавага і пазнавальнага свята, што плаўна пяройдзе ў традыцыйнае авія-шоу, якім славіцца наш Шчучын у апошнія гады. 

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, падчас якога размова ішла не толькі аб тым, як арыгінальна адзначыць юбілейныя даты горада, ушанаваць людзей, што ўнеслі і ўносяць вялікі ўклад у развіццё Шчучыншчыны, але і ўздымаліся пытанні добраўпарадкавання горада. Было адзначана, што ў гэтай справе важна задзейнічаць не толькі бюджэтнае фінансаванне, але і прыцягваць сродкі суб’ектаў гаспадарання. Кожная арганізацыя, кожнае прадпрыемства, незалежна ад формы ўласнасці, павінна ўнесці свой уклад у агульную справу і ўжо сёння распрацаваць план добраўпарадкавання сваіх тэрыторый. 

У ландшафтным і фларыстычным афармленні горада асаблівыя надзеі на спецыялістаў РУП ЖКГ, якія апошнім часам паказваюць цудоўны прыклад, здзіўляючы шчучынцаў і гасцей рэгіёна малымі архітэктурнымі формамі, новымі падыходамі да азелянення, непаўторнай мастацкай аўрай.

Дарэчы, у аргкамітэце гатовы разглядзець усе крэатыўныя ідэі, якімі кожны можа падзяліцца ў тым ліку і дасылаючы свае прапановы ў рэдакцыю.

На старонках «Дзянніцы» з’явіцца спецыяльная рубрыка «Шчучыну -- 500 год». Мы будзем рады апублікаваць матэрыялы вашых архіваў, паважаныя чытачы, рэтра-здымкі, цікавыя ўспаміны. Давайце разам, старонка за старонкай, узгадаем гісторыю роднага горада і зробім усё магчымае, каб наш старажытны Шчучын да дня свайго нараджэння стаў яшчэ больш прывабным, дагледжаным і … маладым!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра Касперчука.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!