Канікулы з добрай кнігай

З 27 сакавіка па 2 красавіка ў Беларусі праводзіцца Тыдзень дзіцячай кнігі. Старт яму дало мерапрыемства “Книжное царство – мудрое государство”, якое нядаўна прайшло ў Шчучынскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. 

Па добрай традыцыі напярэдадні вясенніх канікулаў юныя кнігалюбы з трох гарадскіх школ збіраюцца разам, каб даведацца пра цікавыя кніжныя навінкі, сустрэцца з любімымі казачнымі героямі і сябрамі-бібліятэкарамі. У гэты дзень самыя актыўныя чытачы Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі атрымліваюць прыемныя сюрпрызы і граматы. На сцэну таксама выходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з гонарам носяць званне “Лепшы чытач класа”.

 Свята кніг доўжылася гадзіну і атрымалася сапраўды яркім і цікавым. Разам з Каралевай кніг (Галінай Будзько) і Захавальніцай кніг (Ілонай Танкевіч) школьнікі зрабілі экскурс у гісторыю кнігадрукавання. Запамінальным было падарожжа па творах вядомага пісьменніка Карнея Чукоўскага, 135-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем сёлета. Са старонак любімых кніг “прыйшлі” да хлопчыкаў і дзяўчынак Доктар Айбаліт і Бармалей, каб правесці цікавыя конкурсы. А які выдатны танцавальны флэшмоб атрымаўся ў артыстаў Шчучынскага РЦКіНТ і юных чытачоў! Песні, танцы, конкурсы – усё гэта прыйшлося даспадобы школьнікам. 

izobrazh_013_1.jpg

Весялілася разам з вучнямі і зусім юная чытачка Насця Місюк. Дзяўчынка пакуль не ўмее чытаць, аднак тут на дапамогу прыходзіць матуля Наталля.

– Мы ўжо даўно запісаліся ў Шчучынскую дзіцячую бібліятэку, – прызналася маладая мама. – Кнігі там вельмі прыгожыя, яркія, на любы густ. Купляць чытанкі вельмі дорага, таму маладыя бацькі ўсё больш спяшаюцца ў бібліятэку, дзе можна хоць кожны дзень чытаць новую дзіцячую літаратуру.

izobrazh_089.jpg

Свята завяршылася, аднак у раёне на працягу Тыдня рыхтуецца мноства не менш цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю дзіцячай кнігі і чытання: экскурсіі, літаратурныя вечарыны, гульнявыя праграмы, кніжныя выставы, агляды літаратуры і многае іншае. Сяброўства з добрай кнігай працягваецца.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!