Выстава праваслаўных кніг будзе працаваць у раённай бібліятэцы на працягу двух тыдняў

Сёння, у Дзень праваслаўнай кнігі, ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё выставы "Кніжны свет праваслаўя". Чытачы -- прадстаўнікі розных пакаленняў, святары -- як праваслаўныя, так і ксёндз Ян з касцёла св. Тэрэзы, супрацоўнікі сельскіх бібліятэк, актывісты клуба "Лад" сабраліся ў канферэнц-зале Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі. З вуснаў вядучай Таццяны Красінскай і шматлікіх выступаючых гучалі своеасаблівыя оды яе Вялікасці Кнізе.

Уражвала і музычнае "абрамленне" гэтага незвычайнага мерапрыемства -- творы ў выкананні народнага ансамбля праваслаўных спеваў "Преображение" пад кіраўніцтвам Алены Руткевіч.

Благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк пасля аповеду аб ролі праваслаўнай кнігі ў жыцці грамадства перадаў у дар раённай бібліятэцы імя Цёткі 9-томны "Збор прац Патрыярха Маскоўскага і ўсяя Русі Кірыла". Дырэктар установы Аляксандра Янкоўская шчыра падзякавала айца Аляксандра за такі ўнікальны падарунак і запрасіла ўсіх чытачоў абавязкова пазнаёміцца са зместам гэтых мудрых кніг.

З цікавасцю слухалі госці прамову айца Сергія Сямашкі аб старажытным перыядзе гісторыі рукатворнай і друкаванай кнігі Беларусі Х-ХІІІ стагоддзяў, сувязі тых далёкіх падзей і эпох з сучаснасцю. Узнятую тэму ўдала працягвала гімназістка Аэліта Дзятчык -- аўтар рэферата "Кніга як феномен беларускай культуры".

Гучалі імёны першадрукароў Івана Фёдарава і Францыска Скарыны, Сымона Буднага і Пятра Мсціслаўца, Васіля Цяпінскага і іншых вялікіх асветнікаў. Сёлета, як вядома, Беларусь адзначае 500-годдзе кнігадрукавання, і выстава "Кніжны свет праваслаўя" прысвечана ў тым ліку і гэтаму знакаваму юбілею. Дарэчы, у прапанаваных экспазіцыях сабрана ўнікальная літаратура не толькі з фондаў бібліятэкі імя Цёткі, але і з фондаў Свята-Міхайлаўскай царквы, з асабістых калекцый. Бадай, упершыню пакінулі сцены храма і на два тыдні пераехалі ў цёткінскую бібліятэку самыя старажытныя на Шчучыншчыне фаліянты -- кніга "Богослужебный Апостол", выдадзеная ў 1836 годзе ў Маскве, "Святое Евангелле" з друкарні Кіева-Пячорскай лаўры, "Точное изложение Православной Восточной Веры" 1876 года выдання и  іншыя праваслаўныя рарытэты. Выклікае цёплыя ўспаміны ў людзей старэйшага пакалення асабісты трэбнік протаіерэя Пятра Каліноўскага. Гэты святар доўгі час быў настаяцелем Свята-Міхайлаўскай царквы ў Шчучыне і менавіта з гэтым малітоўнікам у руках ахрысціў ні адно пакаленне нованароджаных шчучынцаў.

Нагадаем, выстава "Кніжны свет праваслаўя" будзе дзейнічаць на працягу двух тыдняў, і ўсе жадаючыя могуць завітаць у раённую бібліятэку, каб далучыцца да святла духоўнасці і веры.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.   

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)