З добрым сэрцам і падарункамі

Галоўны прынцып, якім кіруецца раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, – дапамагаць тым, каму сёння цяжэй, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, каго ўзяла ў палон хвароба. І хоць арганізацыя з’яўляецца грамадскай, існуе за кошт членскіх узносаў, дабравольных ахвяраванняў, спонсарскай дапамогі, яна аказвае пасільную дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу.

Нядаўна ААТ “Шчучынскі масласырзавод” аказаў таварыству Чырвонага Крыжа спонсарскую дапамогу на суму 2000 рублёў. На гэтыя грошы чырванакрыжаўцы набылі  сродкі гігіены, мыючыя і чысцячыя парашкі і гелі.  Такія падарункі  прызначаны пажылым маламаёмасным жыхарам горада і раёна, сярод якіх ёсць адзінокія, інваліды. Па-за ўвагай Чырвонага Крыжа не застануцца і людзі, якія  ў свой час аддана працавалі на прадпрыемствах і ў гаспадарках, і цяпер маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, з’яўляюцца старастамі вёсак, а значыць, першымі памочнікамі сельсавецкай улады.

Актывісты Чырвонага Крыжа адправіліся ў Васілішкаўскі сельсавет, каб уручыць падарункі адрасатам. У сельвыканкаме  іх сустрэла  старшыня  Т.І. Зубрыцкая і валанцёры мясцовай школы. Дэлегацыя ў такім складзе адправілася па дамах, каб зрабіць прыемны сюрпрыз некаторым гаспадарам. Падарункі ад Чырвонага Крыжа атрымалі старасты вёсак Васілішкаўскага сельсавета В.І. Малюкевіч, Р.С. Аляксей, А.І. Кухарэвіч і іншыя. Не мінула дэлегацыя і дом адзінокай пенсіянеркі І.Я. Ямант. Ірына Яраславаўна шмат гадоў прарабіла на ферме “Кошчыцы”, была сумленнай працаўніцай, за што яе паважалі і цанілі ў гаспадарцы. Ірына Яраславаўна здзівілася гасцям і вельмі расчулілася, даведаўшыся пра мэту іх візіту. 

– Вельмі прыемна, калі вочы пажылых людзей  свецяцца радасцю ад усведамлення таго, што пра іх не забылі, не пакінулі са сваімі праблемамі, праяўляюць клопат, – зазначае старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Галіна Станіславаўна Мацюк. – Таму мы і стараемся падтрымаць людзей, якія засталіся ў адзіноцтве, у якіх невялікія пенсіі. Няхай наша дапамога не такая ўжо вялікая, але людзі адчуваюць ўвагу і ўдзячны за гэта. Хочацца падзякаваць кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый за спонсарскую дапамогу, у прыватнасці, дырэктару масласырзавода В.М. Строгаму, а таксама работнікам сельвыканкамаў, сацыяльнай службы, якія дапамагаюць нам знаходзіць адрасатаў як у горадзе, так і ў аддаленых вёсачках. Мы будзем працягваць работу ў рамках кампаніі “Клопат”.

Ала УЛАДЗІМІРАВА.
Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)