Элітная бульба – залог высокіх ураджаяў

Саўгас “Вялікае Мажэйкава” – адзіная ў раёне гаспадарка, дзе прафесіянальна займаюцца вырошчваннем элітных сартоў бульбы. Пад “другі хлеб” тут адведзена 140 гектараў, на якіх растуць такія сарты, як “янка”, “уладар”, “зорачка”, “акцэнт” і “вектар”. 

– Вясной пры пасадцы мы выкарыстоўвалі насенне высокай рэпрадукцыі, якое набылі ў Шчучынскім занальным інстытуце раслінаводства, – тлумачыць галоўны аграном саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Бульбяныя палеткі ў поўнай меры падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі, правялі неабходную колькасць хімпраполак. Да таго ж, дажджлівая вясна дала раслінам удосталь вільгаці. Усё гэта дазволіла вырасціць дастойны ўраджай. З кожнага гектара ў сярэднім атрымліваем звыш 400 цэнтнераў клубняў, але ёсць палеткі, дзе гэты паказчык дасягае 500 цэнтнераў. 


На ўборцы “другога хлеба” ў гаспадарцы задзейнічаны чатыры камбайны айчыннай вытворчасці, кожны з якіх накопвае да 50 тон бульбы ў дзень. Ураджай, што праходзіць па канвеернай стужцы, паляводы ачышчаюць ад каменняў. Восем грузавых аўто аператыўна адвозяць свежавыкапаныя клубні на два бульбасховішчы агульнай змяшчальнасцю 5000 тон. 
У саўгасе “Вялікае Мажэйкава” таксама праводзіцца ручная копка бульбы, якая арганізавана ў дзве змены. Штодзень тут працуюць каля 30 сезонных работнікаў з цэнтра занятасці насельніцтва.
– Дробную фракцыю мы адвозім на перапрацоўку на крухмальны завод у Рагозніцу, – гаворыць Г.М. Каляда. – У дзень здаём па 15 тон клубняў, у тыдзень – да 100 тон. Вялікую і насенную бульбу складваем у кантэйнеры і ставім на захоўванне ў спецыяльныя камеры з кліматкантролем. Усяго плануем атрымаць не менш за 5500 тон “другога хлеба”. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!