Свята ў гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прайшло ў райцэнтры (дапоўнена)

Сёлета Дзень Перамогі, супаў з  Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. На Плошчы Свабоды сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, удзельнікі святочнага велапрабега, настаўнікі, вучні, жыхары і гасці нашага горада. 

Як адзначылі вядучыя, ёсць ў нашай краіне даты, якія аб’ядноўваюць дух народа, сімвалізуюць яго славутае мінулае, сучаснае і будучыню.  Дзень дзяржаўных сімвалаў – свята свабоды, грамадскага міру і згоды ўсіх людзей, гэта сімвал нацыянальнага яднання і агульнай адказнасці за цяперашні час і будучае нашай Радзімы.

    

Са святам усіх павіншавала старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

 -- У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з 1998 года штогод, у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, -- адзначыла Ганна Станіславаўна. -- Наша нацыянальная сімволіка ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі папярэдніх пакаленняў, заснаваныя на гераічнай гісторыі нашага народа, у тым ліку і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Нашы герб і сцяг -- гэта сімвалы суверэнітэту краіны, якія ўвасабляюць нацыянальную ідэю, падкрэсліваюць нашу незалежнасць у выбары шляху развіцця. Мы шчыра радуемся поспехам і дасягненням нашых навукоўцаў, спартсменаў, дзеячаў культуры і мастацтва, якія з гонарам прадстаўляюць нашу краіну на спаборніцтвах і конкурсах самага высокага ўзроўню. Усе гэтыя перамогі, здабытыя пад нашым сцягам, яшчэ і яшчэ раз даказваюць права беларусаў на дастойнае месца ў сусветнай супольнасці. Пад сцягам нашай краіны і Шчучыншчына, яе працоўныя калектывы і людзі, якія жывуць, працуюць тут дасягаюць новых вышынь і здзяйсняюць свае перамогі, якімі мы ўсе шчыра ганарымся. Прыміце сардэчныя і шчырыя віншаванні з днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Няхай гэтыя сімвалы нашай краіны, непарыўна звязаныя са слаўным мінулым, натхняюць нас на новыя добрыя справы.

Права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь прадставілі старшыні моладзевага парламента Ягору Хільмановічу, прызёру рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў «JuniorSkillsBelarus» у 2020 годзе ў кампетэнцыі "Дызайн і мадэляванне адзення", лаўрэату прэміі імя Аляксандра Дубко Віорыцы Неяскінай, вучню 6 класа акардэона Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў, шматразоваму ўладальніку заахвочвання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцу міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў і фестываляў Даніілу Чарнавокаму, вучаніцы 6-га класа балалайкі Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў”, 5 разовай уладальніцы заахвочвання спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, шматразовай пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў і фестываляў Лізавеце Яўтушык, ветэрану ўзброеных сіл, падпалкоўніку запасу Віктару Мікалаевічу Анашкіну.

Павіншаваў усіх дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання па Шчучынскай выбарчай акрузе   Павел Рышардавіч Міхалюк. Падчас свята актыўнай моладзі былі ўручаны моладзевыя білеты БРСМ.

Сваімі нумарамі парадавала крэатыўная, спартыўная моладзь Шчучыншчыны: выхаванцы дзяржаўнай установы адукацыі "Шчучынскі Палац творчасці дзяцей і моладзі", пераможцы абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, салісты ўзорнай студыі эстрадных спеваў “Апрель”, узорны танцавальны калектыў “ Контрасты Mix”і пераможцы  рэспубліканскіх спаборніцтваў па чэрлідынгу -- калектыў “ X - team”, удзельнікі велаквэста “Памятаем, шануем, славім, ганарымся”.

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара. Фота з вышыні -- Сяргея МАТУКЕВІЧА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!