Мы – нашчадкі Вялікай Перамогі. У МПМК-167 прайшоў дзень інфармавання

 

Сёння інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Аляксеем Садоўскім пабывала ў калектыве Шчучынскай МПМК-167. Размова атрымалася цікавай і пазнавальнай. Намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта выступіла з дакладам “Захаванне гістарычнай памяці савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”.

 

-- Зараз у нашым раёне пражываюць усяго чатыры ветэраны мінулай вайны. Гэта жанчыны, якія ў юным узросце працавалі ў тыле на абарону краіны. А непасрэдных удзельнікаў баёў з фашыстамі, на вялікі жаль, ужо не засталося на шчучынскай зямлі. Захаваліся толькі іх успаміны і нашы ўражанні ад тых, здавалася б, зусім нядаўніх сустрэчах, -- зазначыла Алена Васільеўна. – Але чым болей аддаляюцца вогненныя падзеі, тым больш мы павінны зберагаць памяць пра іх, перадаваць праўду аб вайне і Вялікай Перамозе нашаму маладому пакаленню. Бо зараз ідзе спроба перапісаць гісторыю, падмяніць духоўныя каштоўнасці. Мы не павінны дапусціць, каб чорнае называлася белым -- гераізацыі здраднікаў і фашысцкіх памагатых. Мы ў стане абараніць наша мінулае і гонар людзей, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, падарылі нам мірнае жыццё.

 

 

Ёмкі экскурс у гісторыю, факты і прыклады на мясцовым гістарычным матэрыяле… Калектыў МПМК-167 шэфствуе над мемарыяльным комплексам “Зінякі”, што нашы сучаснікі ўзвялі ў памяць спаленай фашыстамі вёскі -- сястры Хатыні.

 

-- А мы разам з нашымі маладымі супрацоўнікамі рэгулярна выязджаем у Агародзішча Першамайскага сельсавета, -- працягвае тэму начальнік РАУС Сяргей Сыцэвіч. – Хто не быў у гэтых мясцінах, вельмі раю наведаць. Гэта вёска так і не адрадзілася з попелу, але захаваліся падмуркі сялянскіх хат, бачна, дзе былі падворкі мірных людзей, якіх расстралялі і спалілі карнікі. Гэта не павінны забываць мы – нашчадкі Вялікай Перамогі.

 

Гутарка аб патрыятызме, нашай генетычнай памяці, сімвалах нашай дзяржавы – усё гэта сёння актуальна і важна.

 

 

Кіраўнік раёна Аляксей Садоўскі расказаў аб падрыхтоўцы да свята 9 Мая, аб тым, што ўсе помнікі і абеліскі загінуўшым падчас вайны знаходзяцца ў добрым стане, а нашы працоўныя дасягненні, эканамічная стабільнасць – гэта найлепшы ўклад у суверэнітэт краіны. Як падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч, у раёне добры прыбытак дае сельскагаспадарчая галіна, карыстаюцца запытам і нашы прамысловыя тавары, шчучынская прадукцыя экспартуецца ў 32 краіны свету.  Да прыкладу, кампанія “Праймілк” у гэтыя дні адгружае свой тавар у Бразілію і Чылі. Прыцягваюцца ў рэгіён новыя інвестыцыі. Іх рост склаў 170%. Стабільна растуць і зарплаты.

 

Прысутных у зале цікавіла, якое будаўніцтва будзе ў 2021 годзе весціся на Шчучыншчыне. Па словах старшыні райвыканкама, самыя буйныя капіталаўкладанні будуць сёлета прыцягнуты пры ўзвядзенні прадпрыемства па вытворчасці кампосту. А вось жыллёвае будаўніцтва пакуль абмяжуецца здачай у эксплуатацыю шматкватэрнага дома, які ўзводзяць у райцэнтры па вуліцы Заводскай менавіта будаўнікі МПМК-167.

 

Зайшла размова і на іншыя жыццёва важныя тэмы. Галоўны ўрач райбальніцы Іван Загароўскі перакананы ў неабходнасці актыўнай вакцынацыі насельніцтва ад небяспечнага каранавіруса. Аб тым, што ні ў якім выпадку нельга пападацца ў віртуальнае сеціва машэннікаў, якія па вайберу звязваюцца з людзьмі ад імені “Беларусбанка”, яшчэ раз пераканаўча нагадала і прывяла цікавыя прыклады Валянціна Догель, кіраўнік шчучынскага філіяла “Беларусбанка”.  Пра сацыяльную палітыку, што мэтанакіравана праводзіцца ў раёне, расказаў Андрэй Навіцкі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. А Аляксандр Малюгін спыніўся на пытаннях пажарнай бяспекі ў сёлетнім вясновым сезоне, звярнуў увагу прысутных на недапушчальнасць палаў сухой расліннасці.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!