У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” пасеялі яравы авёс і пераключыліся на ячмень, гарох і шматгадовыя травы

 

У філіяле “Жалудоцкі агракомплекс” поўным ходам ідзе пасяўная кампанія: перш-наперш тут пасеялі яравы авёс, а затым пераключыліся на ячмень, гарох і шматгадовыя травы. Штодзень у полі амаль увесь светлавы дзень працуюць чатыры сеялкі і некалькі пагрузчыкаў. Жалудоцкія механізатары не лічацца з асабістым часам, бо разумеюць, наколькі важна завяршыць сяўбу ў аптымальны тэрмін.

 

Сярод тых, хто ў гэтую напружаную пару амаль не пакідае кабіну свайго энерганасычанага трактара “Беларус-3022”, – вопытны механізатар Анатолій Снапко, для якога гэта ўжо 22-я пасяўная кампанія.

 

– Пры дапамозе прычапной шасціметровай сеялкі за раз засяваю 48 радкоў, закладваючы насенне на глыбіню 5 сантыметраў, – дзеліцца Анатолій Антонавіч. – У бункер у залежнасці ад культуры змяшчаецца 2-2,5 тоны зерня. Пры норме высеву 220 кілаграмаў на гектар гэтага хапае прыкладна на паўтары гадзіны працы. Затым бункер неабходна запаўняць па-новай, для чаго ў полі пастаянна дзяжурыць пагрузчык, у кузаве якога знаходзіцца пратраўленае насенне першай рэпрадукцыі або “эліта”. Праходзіць 15-20 хвілін, і я зноў гатовы сеяць! Такім чынам, у дзень расходую да 10 тон зерня і засяваю ў залежнасці ад даўжыні гона да 40 гектараў. Пры рабоце арыентуюся на спецыяльныя маркеры, каб у канцы якасна зрабіць разваротныя палосы і пазбегнуць перасеву.

 

 

Праца ў полі не сціхае, пакуль сонца не схаваецца за гарызонт. Мясцовыя хлебаробы прыпыняюцца толькі на кароткі абед: усіх занятых у полі гаспадарка забяспечвае гарачымі абедамі і свежымі падвячоркамі.

 

– Прачынаюся я зацемна і ў 6 гадзін раніцы ўжо на мехдвары, – зазначае Анатолій Снапко. – Абслугоўваю свой трактар і прычапны агрэгат і праз 40-50 хвілін выязджаю ў поле сеяць. Дадому вяртаюся засветла і стараюся раней легчы спаць, каб паспець адпачыць ад працоўнай змены. Праз 5-6 гадзін пад’ём, і ўсё паўтараецца зноў. Безумоўна, такі напружаны рытм вымотвае фізічна, але ад таго, як мы папрацуем зараз, залежыць будучы ўраджай!

 

Сёлета аграрыям філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” трэба будзе пасеяць 600 гектараў ячменю, 150 гектараў гароху, 25 гектараў грэчкі, 145 гектараў аднагадовых траў і 1200 гектараў кукурузы, з якіх 700 гектараў пойдзе на зерне, а астатнія – на зялёны корм. Каб забяспечыць высокія ўраджаі яравых культур, тут загадзя як след падрыхтавалі глебу: правялі культывацыю, згодна з распрацаванай картаграмай палёў унеслі неабходную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў.

 

– Пасевы азімых зерневых займаюць у нас 1220 гектараў, што складае 75% усіх пасяўных плошчаў, – зазначае дырэктар філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” Станіслаў Гузень. – Па ацэнках нашых спецыялістаў, пасевы перазімавалі добра. Мы іх ужо адзін раз падкармілі і цяпер пры дапамозе самаходнага апырсквальніка “Раса” ўносім карбамідна-аміячную сумесь пад шматгадовыя травы: апрацоўваем да 100 гектараў у суткі. Паралельна падсяваем люцэрну, а калі зямля як след прагрэецца – возьмемся за кукурузу. Тэхнікі хапае, каб засяваць рознымі культурамі да 100 гектараў у дзень. Пры такіх тэмпах завершым пасяўную кампанію ў тэрмін!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!