Встретить Пасху, которая в этом году отмечается по календарю католической конфессии 4 апреля, можно будет с семьей дома

На наступным тыдні Белтэлерадыёкампанія ў эфіры двух тэлеканалаў арганізуе для вернікаў шэраг прамых трансляцый святочных набажэнстваў. Акрамя таго, на «Беларусь 3» можна будзе паглядзець сакральныя цырымоніі з удзелам Папы Рымскага Францыска, што адбудуцца ў Рыме і Ватыкане.

 

Сімвалы веры

Напярэдадні свята 1 і 2 красавіка — у Вялікі чацвер і Вялікую пятніцу — канал «Беларусь 3» у 19:00 запрашае да прагляду набажэнстваў Святога Велікоднага Трыадзінства, якія ў пятнічным эфіры працягнуцца паказам крэснага ходу з рымскага Калізея (пачатак у 23:35). Нагадаем, што ў 2020 годзе ўпершыню за 50 гадоў крэсны ход у Калізеі не адбыўся. Замест яго працэсія з дзесяці чалавек, сярод якіх былі медыкі, сімвалічна прайшла некалькі метраў па плошчы ля сабора Святога Пятра і спынілася каля «чумнага распяцця», якое, паводле паданняў, выратавала Рым ад эпідэміі ў XV стагоддзі.

Таксама летась традыцыйныя святкавання па ўсім свеце з-за ўспышкі каронавіруснай інфекцыі каталіцкай царкве прыйшлося правесці анлайн. Многія касцёлы праводзілі прамыя трансляцыі замест традыцыйных набажэнстваў, а Папа Рымскі Францыск выступіў з велікодным пасланнем на апусцелай плошчы сабора Святога Пятра. Цікава, што зварот быў зроблены не з балкона, а на плошчы перад папскай кафедрай і трансліраваўся ў прамым эфіры. Звычайна святая імша збірае на плошчы каля 100 тысяч чалавек, аднак у 2020 годзе вернікі слухалі словы пантыфіка дома.

Але вернемся ў нашыя дні. У наступную суботу, 3 красавіка, у 21:45 на «Беларусь 1» адбудзецца жывая трансляцыя набажэнства на Светлае Хрыстова Уваскрасенне, а 4 красавіка велікодная раніца пачнецца са слова біскупа Казіміра Велікасельца. Паслухаць яго можна ў 06:05. Крыху пазней, у 07:45, прапануем пераключыцца на «Беларусь 3», дзе пачнецца перадача «Размовы пра духоўнае». Тэма новага выпуску адпаведная — Вялікдзень па календары каталіцкай канфесіі. 

Падарожжа да святынь 

На самым культурным канале айчыннай тэлепрасторы гледачоў чакае новы выпуск праекта «Святыні Беларусі» — духоўна-асветніцкай праграмы, якая распавядае пра самыя велічныя і цікавыя старажытныя цэрквы і касцёлы нашай краіны. Здымачная група праекта, дарэчы, звяртае ўвагу: усе гэтыя святыні важныя як для вернікаў, так і ў цэлым для людзей, якія цікавяцца гісторыяй сваёй краіны.

— Беларуская зямля славіцца не толькі сваімі прыроднымі і культурнымі багаццямі. Ёсць у нашай краіне святыні, пакланіцца якім штогод прыязджаюць тысячы паломнікаў з розных канцоў свету. Камусьці можа здацца незразумелым і дзіўным тое, што прымушае людзей адпраўляцца ў такі далёкі шлях, жыць часта не ў самых камфортных умовах... Таму мы даём нашым гледачам шанс здзейсніць своеасаблівае тэлепаломніцтва па святых мясцінах Беларусі, — распавядае аўтар перадачы Інга Бялова

Дзякуючы праекту гледачы ўжо пабывалі ў тэлепадарожжы да адной з самых старажытных хрысціянскіх святынь Беларусі — Сафійскага сабора ў Полацку. Таксама завіталі ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, у якім знаходзіцца старажытны цудатворны Жыровіцкі вобраз Божай Маці. Дарэчы, Жыровіцкая абіцель для нашай краіны мае такое ж значэнне, што Троіца-Сергіева лаўра для Расіі і Кіева-Пячэрская для Украіны.

У адным з выпускаў тэлеаўдыторыя таксама апынулася ў касцёле дзівоснай прыгажосці, які знаходзіцца ў Гервятах. Унутранае ўбранне касцёла стварае мастацкую гармонію, а выдатныя каляровыя кампазіцыі і птушкі з саломкі, зробленыя рукамі мясцовай жыхаркі, напаўняюць храм цяплом і ўтульнасцю, якія, несумненна, змаглі адчуць і гледачы. Аўтары праграмы пастараліся максімальна перадаць дух тых месцаў, дзе яны пабывалі падчас здымак.

У Вялікдзень у 16:30 на «Беларусь 3» будзе паказана Пасланне і Благаславенне «Граду і Свету», з якім у Ватыкане звернецца да вернікаў свяцейшы айцец.

leonovich@sb.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!