Падарыла кніга цуды! Мноства сюрпрызаў і прыгод чакала сёння ўдзельнікаў свята, прысвечанага Тыдню дзіцячай кнігі

 

 На ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі ў ЦКіНТ сабраліся вучні малодшых класаў з усіх школ горада. І супрацоўнікі Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі, і энтузіясты аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю цэнтра культуры пастараліся зрабіць гэту падзею напярэдадні вясенніх канікул яркай і запамінальнай. У фае была арганізавана выстава дзіцячай літаратуры, а юных гасцей сустракалі роставыя лялькі.

 

Прыгожа аформленая сцэна са светлавымі спецэфектамі, цудоўны сцэнарый і выдатная ігра акцёраў Дар’і Бачко, Веранікі Жвірбля, Віталіны Панімаш захапілі ўвагу гледачоў. Як і водзіцца па законах жанру, Белая Фея, што несла дабро, усё ж перамагла капрызлівую і злую Чараўніцу, а абаяльная Чырвоная Шапачка прымірыла ўсіх. Казачныя героі запрашалі рабят да ўдзелу ў віктарынах па творчасці дзіцячых пісьменнікаў, усе разам спявалі і танцавалі. Цудоўныя канцэртныя нумары падрыхтавалі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў.

 

 

Урачыста, пад дружныя апладысменты равеснікаў, адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу “Кнігалюб”, вынікі якога падвяла дзіцячая бібліятэка, вызначыўшы сваіх самых актыўных чытачоў. Яшчэ ў адной намінацыі ўзнагароджвалі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прызнаны лепшымі чытачамі ў сваіх класах.

 

-- Канікулы толькі пачынаюцца, а дзверы дзіцячай бібліятэкі заўжды для вас адкрыты. Яе Вялікасць Кніга падорыць вам неверагодны і цудоўны свет чалавечай мудрасці, -- гаварылі напрыканцы імпрэзы казачныя героі сваім юным сябрам.

 

Сапраўды, вельмі хочацца, каб для падрастаючага пакалення імяніны кнігі заставаліся такой жа прыгожай вясновай традыцыяй, як некалі ў дзяцінстве для іх бацькоў, бабуль ды дзядуль. Кніга – гэта тое, што аб’ядноўвае пакаленні.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!