Сто год пражыць – не поле перайсці! Даведаліся, хто з’яўляецца самым старэйшым жыхаром Шчучынскага раёна

 

На гэтым тыдні свой векавы юбілей сустрэў шчучынец П.І. Піманаў. Гэта стала сапраўднай падзеяй не толькі для ягонай сям’і, бо на сённяшні дзень менавіта Павел Ільіч з’яўляецца самым старэйшым з усіх жыхароў нашага раёна! Калі прадстаўнічая дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Аленай Васільеўнай Пасюта завітала ў госці да віноўніка ўрачыстасці, ён не на жарт расхваляваўся. Чакаў, што супрацоўнікі пашпартнага стала ўручаць яму новы дакумент, а вось каб прыцягнуць увагу столькіх людзей, прымаць кветкі і падарункі ад грамадскасці і раённай улады… І ў думках такога не было.

 

Пасля цёплых віншавальных слоў і шчырых пажаданняў здароўя, бадзёрасці і чарговых рэкордаў па доўгажыхарстве, новы пашпарт 100-гадоваму юбіляру ўручыла інспектар аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Лілія Шляхтун. З цікавасцю і ўсмешкай уладальнік перагортваў старонкі галоўнага дакумента грамадзяніна, узгадваючы тыя далёкія часы, калі сяляне ўвогуле не мелі пашпартоў і з-за гэтага нават пры вялікім жаданні не маглі пераехаць у горад, дый увогуле змяніць месца жыхарства.

 

 

Павел Піманаў якраз-такі выхадзец з сялянскай сям’і, а родам – з Пскоўшчыны. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ён праходзіў службу ў радах Чырвонай Арміі. З лішкам давялося панюхаць франтавога пораху, з неймавернымі выпрабаваннямі прайсці доўгія вёрсты вайны ад яе першага дня і да апошняга. Не раз салдат глядзеў смерці ў твар, але выжыў і ўцалеў у гэтых пякельна-крывавых жорнах. А пасля перамогі вярнуўся ў родныя мясціны, абуладкаваўся ў рабочым пасёлку Кунья і … зноў ваяваў: з бандытамі, злачынцамі, несправядлівасцю. Павел Ільіч на працягу многіх год дастойна нёс службу ў міліцыі.

 

Напрыканцы 80-х, ужо ў пенсійным узросце, Піманавы пераехалі ў Беларусь. Тут у Шчучыне жыла іх дачка Таісія Масквіціна. У прыгарадных Навасёлках купілі домік, Павел Ільіч яшчэ доўгі час працягваў працаваць – конюхам, пчаляром. Гэткі мірны сялянскі занятак яму быў так даспадобы! Каля дзясятка год таму бацьку забрала да сябе ў райцэнтр на вуліцу Астроўскага дачка Таісія Паўлаўна: усё ж якім бы моцным ні быў яе тата, а ўзрост настойліва браў сваё!

 

 

– Нармальна жывецца нашаму Ільічу, – усміхаецца жанчына. – І ягоны сын, мой брат, з Ражанкі часта прыязджае, наведваюць з пачастункамі ўнукі, праўнукі. Больш таго – пяцярых прапраўнукаў дачакаўся наш тата!

 

– Мы ўдзячны вам, што ў такой цёплай сямейнай атмасферы праходзіць восень жыцця Паўла Ільіча, – выказалі свае ўражанні госці.

 

– Гэта ж наш чалавечы абавязак – дагледзець у старасці ўласных бацькоў. Як жа іначай? – пераканана гаспадыня кватэры, дзе створана ўсё неабходнае, каб бацька ў паважаным узросце адчуваў сябе камфортна.

 

Дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук уручыла юбіляру падарункі да “салодкага стала”, старшыня раённага савета ветэранаў В.С. Жукоўскі – кветкі, а ад імя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі перадаў П.І. Піманаву ўтульны і цёплы плед.

 

– Жывіце доўга на радасць нашчадкам і ўсім нам, шаноўны Павел Ільіч, паказвайце прыклад аптымізму і жыццялюбства, – на развітанне гаварылі госці.

 

Дарэчы, 2021-ы абяцае нам падарыць яшчэ два стогадовыя юбілеі жыхароў раёна.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!