У рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” былі ўзнагароджаны перадавыя работнікі ААТ “АграГЖС”

 

Старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч сумесна з намеснікам начальніка па жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Інай Кучура заехалі ў ААТ “АграГЖС”, каб у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” уручыць перадавым прадстаўнікам гэтай нялёгкай прафесіі заслужаныя ўзнагароды.

 

Спачатку госці зазірнулі на малочнатаварную ферму “Астрына-777”, дзе адзначылі Падзячнымі пісьмамі і грашовымі прэміямі аператараў машыннага даення Антаніну Краснову і Ганну Семянчук, якія прымаюць актыўны удзел у грамадскім жыцці прадпрыемства і дабіваюцца высокіх вытворчых паказчыкаў.
– Сваёй добрасумленнай працай вы заслужылі павагу і пашану ў калектыве, – падкрэсліў Генрых Іосіфавіч. – Ваш прафесіяналізм заўважылі не толькі на мясцовым, але і на раённым узроўні. Гэта і не дзіва! Такія дысцыплінаваныя і мэтанакіраваныя спецыялісты заўсёды на вагу золата, бо ўмеюць працаваць на вынік і здольны вырашаць нават самыя складаныя задачы. Усё гэта неабходна для далейшага паспяховага развіцця жывёлагадоўчай галіны!

 

Да слоў прафсаюзнага лідара аграрыяў раёна далучылася і намеснік начальніка па жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура і падзякавала перадавікам за высокія сярэднясутачныя надоі і выдатную якасць малака.

 

 

Жанчыны былі крануты аказанай увагай да глыбіні душы.

 

– Хутка споўніцца шэсць гадоў, як я працую на гэтай ферме, – зазначае аператар машыннага даення Антаніна Краснова. – Летась надаіла рэкордную колькасць малака ў нашай гаспадарцы, за што таксама атрымала ўзнагароды. У дзень абслугоўваю звыш 800 кароў. Безумоўна, справіцца з такім статкам няпроста, але дастойная заработная плата стымулюе выконваць свае прафесійныя абавязкі бездакорна.

 

У той дзень Падзячнымі пісьмамі і грашовымі прэміямі былі таксама адзначаны жывёлавод малочнатаварнага комплексу “Грамкі” Ала Асіповіч, аператар машыннага даення гэтага ж комплексу Святлана Гук, а таксама жывёлавод фермы “Нарашы” Віктар Сярко.

 

– Я працую на ферме ўжо 31 год, – дзеліцца Віктар Сярко. – Даглядаю статак, які налічвае 540 галоў. Сачу ўважліва за здароўем жывёл. Хворых выяўляю па змяненні паводзін і апетыту. Мой рабочы дзень пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы, а заканчваецца ў шэсць гадзін вечара. Пасля спяшаюся дадому, дзе мяне чакае жонка. Яна 19 гадоў адпрацавала на гэтай жа ферме даяркай, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

 

Развітваючыся з перадавікамі, старшыня Шчучынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч заклікаў іх берагчы сябе і ўважліва сачыць за здароўем падчас пандэміі COVID-19.
– Вы можаце паехаць адпачыць у здраўніцах нашага прафсаюза, якіх у Беларусі налічваецца 12, – зазначыў Генрых Іосіфавіч. – Мы гатовы аплаціць 25% ад кошту пуцёўкі, яшчэ 50% возьме на сябе гаспадарка ды яшчэ выплаціць матэрыяльную дапамогу. Не ўпусціце свой шанц!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!