“Залатая Ліцера” знайшла сваіх герояў. Сярод іх і “Дзянніца”!

 

Нядаўна ў сталіцы ўзнагародзілі пераможцаў ХVI Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі “Залатая Ліцера”. Першы намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі ўручыў пераможцам і лаўрэатам заслужаныя ўзнагароды.

 

Заснавальнікам нацыянальнага конкурсу “Залатая Ліцера” выступае Міністэрства інфармацыі. Сёлета на конкурс было прадстаўлена ажно 400 заявак перыядычных выданняў, інфармацыйных агенцтваў і персаналій. З іх 269 – рэгіянальныя СМІ ад 81 рэдакцыі, рэспубліканскія СМІ – 108 заявак ад 31 рэдакцыі, карпаратыўныя - 23. Журы адзначыла не толькі актыўнасць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і сеткавых выданняў, але і высокі ўзровень прадстаўленых работ.

 

 

“Дзянніца” стала лаўрэатам XVI Нацыянальнага конкурсу “Залатая Ліцера” адразу ў трох намінацыях! У намінацыі Гран-пры – “Лепшы творчы праект года абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў” праект “Зоркі на пагонах” удастоены дыплома лаўрэата. Лаўрэатам конкурсу “Залатая Ліцера” ў намінацыі “Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі” стаў загадчык аддзела сельскай гаспадаркі і эканомікі Шчучынскай раённай газеты “Дзянніца” Аляксандр Каспярчук з праектам “Сэрцам адданыя роднай зямлі”. У персанальнай намінацыі “Лепшы рэпарцёр абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў” лаўрэатам стала аўтар гэтага матэрыялу.

 

Узнагароджанне пераможцаў прайшло ў Доме прэсы. Адметна, што сёлета павіншаваць журналістаў завітаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны – палкоўнік у адстаўцы няштатны карэспандэнт ваеннага інфармацыйнага агенцтва “Ваяр” Павел Ерашэнка. Ён атрымаў спецыяльны прыз у намінацыі “За ўклад у журналістыку рэспубліканскіх, абласных, раённых, гарадскіх, карпаратыўных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, сеткавых выданняў”. Павел Сафронавіч – лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, выдатнік друку Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён штурмаваў Берлін, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”. Ветэран пажадаў усім вострага пяра і перамог у конкурсе “Залатая Ліцера”.
Падчас сустрэчы гучалі не толькі віншаванні, але і вялася размова пра сам конкурс і развіццё СМІ.

 

– Нас радуе тое, што з года ў год расце колькасць заявак, – адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі. – Вось у гэтым годзе амаль чатыры сотні заявак. Гэта сур’ёзная лічба. І мы вельмі разлічваем на тое, што і ў будучыні наш нацыянальны конкурс “Залатая Ліцера” будзе толькі мацнець і развівацца. Прыемна адзначыць, лепшыя творчыя сілы нашай галіны, журналісцкага цэха ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе. Практычна ва ўсіх намінацыях мы назіралі вельмі высокі ўзровень, які сведчыць аб прафесіяналізме, творчай сталасці, яркіх талентах у нашым журналісцкім асяроддзі.

 

 

Павел Лёгкі адзначыў, што Міністэрства інфармацыі зацікаўлена, каб нашы сродкі масавай інфармацыі былі паспяховымі і канкурыравалі ў тым ліку з замежнымі, таму рэспубліканскім і рэгіянальным СМІ неабходна пераходзіць на новыя фарматы, вучыцца рабоце ў інтэрнэце і манетызацыі сайтаў газет. Трэба таксама нарошчваць аб’ём адукацыйных мерапрыемстваў, развіваць медыямаркетынг і больш актыўна праводзіць маркетынгавыя даследаванні на гэтым рынку.

 

Наперадзе ў нашай раённай газеты – чарговыя вышыні і перамогі. У журналісцкіх блакнотах яшчэ шмат чыстых старонак, а значыць, у наступным годзе нас чакаюць новыя сустрэчы з цікавымі людзьмі Шчучыншчыны!

 

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!