Сям’я Мерчы з Васілішак акурат пад Новы год атрымала ключы ад новай кватэры

 

Ірына і Ігар Мерчы са сваім пяцігадовым сынам Аляксандрам адчуваюць сябе вельмі шчаслівымі, бо акурат пад Новы год атрымалі ключы ад трохпакаёвай кватэры ў новым доме ў Васілішках.

 

– Раней мы жылі ў інтэрнаце ў Скрыбаўцах, – гаворыць ураджэнка Васілішак Ірына Мерчы. – Я працавала бухгалтарам у саўгасе “Вялікае Мажэйкава”, а муж падчас жніва ўбіраў у гаспадарцы хлеб на камбайне. Калі сезон заканчваўся – падрабляў у кацельнай РУП ЖКГ.

 

Менавіта сезоннасць і няўстойлівы працоўны графік падштурхнулі Ігара да пошуку новага месца працы. Неяк даведаўся, што ў суседнім ААТ “Васілішкі” патрабуецца вадзіцель. Не раздумваючы, падаў туды дакументы і плённа працуе ў гаспадарцы ўжо пяты год. За ім пераехала і каханая.

 

– Я абслугоўваю племянную ферму “Сандыкаўшчына”: перавожу парасят, дастаўляю кармы, – дзеліцца Ігар Мерчы. – У сельгаспрадпрыемстве наша сям’я адразу была залічана ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў, і як толькі быў здадзены ў эксплуатацыю новы 8-кватэрны дом – атрымалі ключы ад камфортнага жылля. Тут падведзена гарачая вада, устаноўлены газавы кацёл, планіроўка камфортная, а пакоі прасторныя.

 

 

Цяпер маладая пара ўся ў хатніх клопатах: трэба правільна аформіць усе дакументы, выбраць і заказаць новую мэблю, абуладкаваць пакоі, дзесьці пераклеіць на свой густ абоі. Ірына і Ігар займаюцца гэтым увесь вольны час, бо цвёрда вырашылі сустрэць Новы год у новай кватэры.

 

– У Васілішках нам вельмі падабаецца, – дадае Ігар Алегавіч. – Аграгарадок прыгожы і ўтульны. Тут ёсць усё для камфортнага жыцця: магазіны, басейн, Дом культуры, дзе працуюць розныя гурткі для дзетак. Дзіцячы садок і школа – пад бокам, што таксама вельмі важна. Таму пераязджаць мы нікуды не збіраемся! А вось над папаўненнем у сям’і ўжо задумаліся!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!