Алена Забароўская: “Для мяне юрыст – гэта вобраз жыцця!”

 

Для шчучынкі Алены Забароўскай, якая вырасла ў сям’і прафесійнага ваеннага, дысцыпліна, парадак і культура – не пустыя словы. Таму, маладая дзяўчына звязала сваё прафесійнае жыццё з юрыспрудэнцыяй і цяпер працуе юрысконсультам у дзяржаўнай установе па ахове і выкарыстанні маёмасці “Авіятар”.

 

– Мой бацька Уладзімір Анатольевіч Лымараў служыў у шчучынскім авіягарнізоне, – гаворыць наша субяседніца. – Ён з маленства вучыў мяне паважаць старэйшых і дапамагаць слабым, прывіваў пачуццё асабістай годнасці і жаданне справядлівасці. Усё гэта, безумоўна, адбілася на выбары будучай прафесіі. Пасля заканчэння СШ №1 г. Шчучына я спачатку хацела падаць дакументы ў педагагічны інстытут і стаць настаўнікам геаграфіі, але ў апошні момант перадумала і пайшла вучыцца на юрыдычны факультэт у Гродзенскі каледж бізнесу і права, які скончыла завочна.

 

Прыкладна ў той час Алена выйшла замуж, і ў маладой шчаслівай сям’і на свет з’явіўся першынец. Водпуск па доглядзе дзіцяці за сямейнымі клопатамі прайшоў незаўважна, і наша гераіня ўладкавалася на працу юрысконсультам у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Асвоіцца на вытворчасці дапамаглі больш вопытныя калегі.

 

– Прадстаяла праверыць атрыманыя веды на практыцы, – працягвае наша суразмоўца. – Займалася арганізацыяй закупак, заключала шматлікія дагаворы, вяла загадную вытворчасць, удзельнічала ў эканамічных судах. І ва ўсім гэтым нельга было дапускаць памылак, каб арганізацыя не панесла эканамічныя страты, бо ў выпадку пратэрмінавання плацяжоў выстаўленая судом пеня можа ў разы перавышаць памер запазычанасці.

 

Перапынак у прафесійнай дзейнасці Алены Забароўскай быў выкліканы нараджэннем другога сына. Але, як толькі хлопчык крышку падрос і пайшоў у дзіцячы садок, маладая мама вярнулася ў юрыспрудэнцыю.

 

– Я перайшла працаваць юрысконсультам у дзяржаўную ўстанову па ахове і выкарыстанні маёмасці “Авіятар”, – зазначае Алена. – Цяпер мне зручна дабірацца да месца работы, дзіцячы садок і школа таксама ў крокавай даступнасці. Калектыў у нас маленькі, аднак вельмі дружны: адзін за аднаго стаім гарой і заўсёды гатовы падставіць надзейнае сяброўскае плячо. Спецыфіка работы ў мяне тут кардынальна памянялася, стала вузкаспецыялізаванай: афармляю дакументацыю для выстаўлення пустуючай маёмасці на аўкцыён, каб потым уключыць яе ў гаспадарчы абарот.

 

Паралельна Алена Забароўская атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім інстытуце бізнесу і права. Наперадзе дзяржэкзамены і абарона дыпломнай работы па тэме “Суб’екты злачынства”.
– Каб расці прафесіянальна – трэба няспынна вучыцца і шмат чытаць, а таксама быць настойлівым, уніклівым і метанакіраваным, – дзеліцца наша гераіня. – Законы пастаянна ўдасканальваюцца, таму даводзіцца часта заглядваць у электронныя базы “Эталон”, “Бізнэс-Інфа”. Часам звяртаюся па парады і тлумачэнні да сваіх аднагрупнікаў-юрыстаў.

 

Алена прызналася, што ні на міг не пашкадавала аб выбранай прафесіі, якая застаецца надзвычай запатрабаванай у нашым грамадстве. Яно і зразумела! Без паслуг юрыста сёння не можа абысціся ніводная арганізацыя.

 

– Нават дома я не магу цалкам пераключыцца на іншую “хвалю”, – заключае маладая мама. – Даю карысныя юрыдычныя парады мужу Максіму, які працуе тавараведам у аддзеле забеспячэння на Шчучынскім заводзе “Аўтапровад”. Дапамагаю і сябрам, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі. Адным словам, для мяне юрыст – не толькі прафесія, але і вобраз жыцця!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!