Ю.У. Янкоўскі: “У няспынным руху ёсць свая рамантыка”

 

Вадзіцельскі стаж шчучынца Юрыя Янкоўскага налічвае амаль 35 гадоў, з якіх больш за 20 гадоў ён займаецца пасажырскімі перавозкамі ў аўтапарку №12 г. Шчучына. Свае абавязкі заўсёды выконвае бездакорна, за што быў не раз адзначаны на розных узроўнях, а сёлета ўзнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.

 

– Мой бацька працаваў у родным аўтапарку вадзіцелем, а маці – дыспетчарам на аўтавакзале, – гаворыць Юрый Уладзіміравіч. – Таму не дзіва, што першы раз я паспрабаваў руліць аўтобусам вельмі рана, калі мне было прыкладна 10 гадоў. Гэта быў легендарны ЛАЗ-695. Будучы моцна ўражаным, цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з тэхнікай і пасля заканчэння СШ №1 г. Шчучына падаў дакументы ў СПТУ-198 (сёння гэта сельскагаспадарчы ліцэй г. Шчучына. – Заўв. аўт.), дзе паспяхова асвоіў прафесію вадзіцеля.
Тады Юрый і падумаць не мог, што хутка яму прыйдзецца перасесці з вучэбнага грузавіка ГАЗ-53 на браніраваны БТР-70 і адправіцца на вайну ў Афганістан, дзе і прайшла яго тэрміновая служба.

 

– Прыехалі “купцы-пагранічнікі” і набралі групу прызыўнікоў, куды трапіў і я, – дзеліцца наш суразмоўца. – Спачатку не здагадваўся, дзе давядзецца служыць. На цягніку мы дабраліся да Масквы, а адтуль накіраваліся ў Душанбэ. Потым нас на ваенным транспарце даставілі ў вучэбны цэнтр Халкаяр, які знаходзіўся недалёка ад пасёлка Пяндж, што на мяжы з Афганістанам. Вось тады і зразумеў, што служба будзе няпростай!

 

 

Тры месяцы ў вучэбцы прайшлі ў пастаянных трэніроўках. Трэба было навучыцца выдатна арыентавацца на мясцовасці, граматна весці разведку, трапна страляць з розных відаў зброі. Потым Юрыя Янкоўскага разам з іншымі навабранцамі адправілі служыць на пагранічную заставу Нанабад.

 

– Упершыню пад варожы агонь я трапіў ужо на сёмы дзень, – успамінае Юрый Уладзіміравіч. – Тады нашу заставу маджахеды сур’ёзна абстралялі з мінамётаў. Было шмат параненых і нават загінуўшых. Потым было яшчэ нямала баявых аперацый, у якіх удзельнічаў у якасці вадзіцеля БТР-70. Мы суправаджалі грузавыя канвоі, вялі разведку мясцовасці, блакіравалі банды баевікоў і арганізоўвалі засады. Мой браніраваны “жалезны конь” надзейна абараняў мяне і саслужыўцаў ад стралковай зброі, аднак мы пастаянна рызыкавалі падарвацца на міне або быць знішчанымі пры дапамозе ручнога супрацьтанкавага гранатамёта. Менавіта таму да самага дэмбеля я не казаў бацькам, дзе служу. Паколькі палявой пошты ў нас не было, усе пісьмы прыходзілі на адрас стацыянарнай вайсковай часці. У перапісцы замест баявых будняў апісваў спакойную службу ў Сярэдняй Азіі: баяўся, што сэрца маці не вытрымае.

 

Утаіў Юрый Янкоўскі ад родных і пра ўдзел у небяспечнай баявой аперацыі па блакіроўцыі банды маджахедаў, якія пасля мінамётнага абстрэлу пасёлка Пяндж імкнуліся адыйсці ўглыб Афганістана. Тады баевікоў акружылі і амаль цалкам ліквідавалі. За мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў баі, наш зямляк быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

 

Настаў доўгачаканы дэмбель, і Юрый Янкоўскі вярнуўся ў родны Шчучын. Складана ўявіць, якія эмоцыі адчулі бацькі, калі даведаліся, праз што прайшоў іх сын… Няпроста было і самому салдату: першыя месяцы хацелася вярнуцца да аднапалчан, бо працяглы час яны былі яго баявой сям’ёй.

 

– Каб хутчэй пазбавіцца ад гэтых думак, уладкаваўся на працу вадзіцелем у аўтапарк №12, – працягвае наш герой. – Першым грамадскім транспартам, за руль якога я сеў, быў 9-тонны самазвал МАЗ. На ім ад’ездзіў 10 гадоў: перавозіў розныя будаўнічыя матэрыялы і іншыя грузы па ўсёй вобласці. Пасля вырашыў перакваліфікавацца на вадзіцеля аўтобуса і паспяхова скончыў адпаведныя курсы ў Гродне. Хутка мне даверылі ЛАЗ-695 – тую самую мадэль аўтобуса, за руль якога мяне ўпершыню пасадзіў бацька. Перавозіць пасажыраў аказалася намнога складаней, чым грузы. У гэтай справе асаблівая ўвага надаецца камфорту і пунктуальнасці. Да прыкладу, у горадзе і прыгарадзе можна адхіліцца ад графіка максімум на 5 хвілін, а падчас міжгародніх паездак – на 10 хвілін.

 

Сёння Юрый Янкоўскі з’яўляецца вадзіцелем 1-га класа. Гэта гаворыць аб яго прафесіяналізме і высокай кваліфікацыі. Таму і работы ў яго заўсёды хапае. У залежнасці ад устаноўленага маршруту за дзень наш герой праязджае ад 150 да 600 кіламетраў.

 

– На змену маральна састарэламу ЛАЗу прыйшлі больш камфортныя і хуткія МАЗы, – гаворыць Юрый Уладзіміравіч. – Гэта аўтобусы новага пакалення, на якіх можна з камфортам ездзіць у далёкія рэйсы. Сярод турыстаў карыстаюцца папулярнасцю паездкі ў Санкт-Пецярбург, Адэсу, Затоку і іншыя папулярныя месцы адпачынку. Таксама вазіў рабочых на будаўніцтва Беларускай АЭС. Нягледзячы на салідны вадзіцельскі стаж, я кожны дзень з задавальненнем сядаю за руль. Для мяне любыя дарогі дарагія, бо ў няспынным руху ёсць свая рамантыка. Аднак пасля працы заўсёды спяшаюся дадому, дзе чакае любімая жонка Святлана Міхайлаўна, з якой мы выхавалі двух сыноў і дачку. Дарэчы, усе яны маюць вадзіцельскія пасведчанні, таму нас аб’ядноўвае не толькі сям’я, але і дарога.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!