Толькі прыходзь і выбірай. У магазіне спажыўкааперацыі ў аграгарадку Балічы і асартымент шырокі, і абслугоўванне на ўзроўні

 

Менавіта так у адрас работнікаў прылаўка з аграгарадка Балічы выказаўся мужчына, які патэлефанаваў у рэдакцыю. Свае словы ён аргументаваў: “Працуюць дзяўчаты выдатна. Да пакупнікоў з увагай адносяцца, пажаданні нашы ўлічваюць. Вось я, напрыклад, хлеб люблю пэўнага гатунку, дык абавязкова некалькі буханак такога закажуць”.

 

Варта сказаць, што пахвальныя словы аб прадаўцах гэтага магазіна пачулі мы і ад кіраўніцтва Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства. “Работай іх задаволены, нараканняў няма”, – запэўніў дырэктар філіяла Вануш Рубікавіч Навасардзян. Пасля такіх водгукаў мы паехалі знаёміцца.

 

Згаданыя вяскоўцам “дзяўчаты” – загадчыца магазіна Вольга Іванаўна Малышка і прадавец Святлана Віктараўна Шулейка – такой увагі не чакалі. Прызналіся: ахвотна радуюцца за іншых, а вось пра сябе гаварыць не прывыклі. У гандлёвым тандэме яны ўжо даўно – з 2006 года. Абедзве – ветэраны спажывецкай кааперацыі. У загадчыцы – профільная адукацыя, а ў яе калегі – бухгалтарская. “Сваёй сістэме і прафесіі не здраджваем!” – усміхаюцца. Маўляў, калі і мянялі гандлёвыя кропкі, то толькі ў межах свайго і суседняга сельсаветаў. Так, Вольга Малышка пачынала працоўны шлях у магазіне вёскі Крупава. Потым сям’я пераехала ў Балічы, і яна ў 2002 годзе прыйшла на работу ў мясцовы магазін. Спачатку – у якасці прадаўца, а потым стала загадчыцай. А Святлана Шулейка да пераходу ў Балічы стаяла за прылаўкам у крамах невялікіх навакольных вёсак.

 

І раней, і сёння магазін запатрабаваны і ў жыхароў аграгарадка, і ў насельніцтва Чарнякоў, Падбобры, Варонішак…

 

– Нягледзячы на тое, што вёсачкі абслугоўваюцца аўтакрамамі, некаторыя людзі часта прыходзяць па пакупкі і да нас, – заўважае Вольга Іванаўна. – Ці мала якая патрэба раптам узнікне ў хатняй гаспадарцы. А ў нас і асартымент багаты, і прадукцыя свежая, і графік зручны – працуем з 9 гадзін раніцы да 7 гадзін вечара, прычым без выхадных.

 

І сапраўды: на паліцах магазіна ёсць усё, што можа спатрэбіцца сельскаму жыхару. У прыватнасці, поўны прадуктовы набор – мяса, каўбасы, хлебабулачныя вырабы, заморскія фрукты, бакалея, розныя напоі… А яшчэ тут шырокі выбар самых неабходных прамысловых тавараў – запалкі, покрыўкі для закатак, шкарпэткі, шампуні, сшыткі… Толькі прыходзь і выбірай. А не так даўно ў магазіне была ўстаноўлена камп’ютарная сістэма са штрыхкодамі. Пэўныя гандлёвыя працэсы, у тым ліку вызначэнне цаны на тавар, цяпер рэгулююцца дыстанцыйна, з адзінага цэнтра ў раённым філіяле.

 

 

– Наш магазін знаходзіцца пры дарозе, таму яго не прамінаюць і рыбаловы з горада, і дачнікі, – адзначае Вольга Малышка. – Для ўсіх знойдзецца тавар. Хлеб нам дастаўляюць штодзень, па панядзелках і пятніцах прывозяць малочку, сярод тыдня і перад выхаднымі – мясную раздзелку, каўбасы, іншыя прадукты.
У Балічах і суседніх вёсках жывуць усё больш людзі ва ўзросце. І ім надзвычай добра, што побач ёсць стацыянарная гандлёвая кропка. Да таго ж магазін успрымаецца вяскоўцамі як сацыяльны аб’ект, дзе можна затрымацца, пагаманіць, падзяліцца навінамі. “Задаволены работай крамы і мы, маладыя”, – адклікаецца жыхарка аграгарадка Таццяна Куколь, якая прыйшла па пакупкі.

 

Спытала ў прадаўцоў пра сярэдні пакупніцкі чэк. Кажуць – ён на суму ад 5 да 60 рублёў. Гараджане купляюць больш. План тавараабароту крама выконвае.Так, у верасні нагандлявалі прыкладна на 37 тысяч рублёў, што больш за даведзеныя паказчыкі. І справа не толькі ў шырокім асартыменце. Тут і абслугоўванне належнае: ветлівыя прадаўцы параяць, што купіць, добрым словам падтрымаюць чалавека… Бо, лічы, усіх пакупнікоў ведаюць. Самі ж жывуць сярод іх: Вольга – у Балічах, Святлана – у Карпейчыках.
Поспеху ў працы спрыяюць і цёплыя сяброўскія адносіны, якія склаліся ў іх маленькім калектыве за многа год.” Мы работу сваю любім, інакш не працавалі б. І адна адной давяраем, – зазначае Вольга Іванаўна. – А ў гандлі гэта вельмі важна”. “Так і ёсць”, – пацвярджае Святлана Віктараўна.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!