Сёння выкладчыкаў ліцэя з Днём настаўніка віншавалі навучэнцы і прафсаюз работнікаў АПК

 

З сонечных усмешак, песень, жартаў і апладысментаў распачалася сённяшняя пахмурная раніца ў Шчучынскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэі. На ўрачыстасць, прысвечаную надыходзячаму Дню настаўніка, завіталі госці: старшыня Шчучынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч прыехаў не з пустымі рукамі. Групу настаўнікаў прафсаюз узнагародзіў падзячнымі лістамі. Да прыкладу, настаўнікі Таццяна Віктараўна Урублеўская і Ала Уладзіміраўна Макарава разам са сваімі выхаванцамі сталі пераможцамі інфармацыйна-адукацыйнага інтэрнэт-праекта “#Гісторыя#Памяць#Будучае. bу”, за што і былі адзначаны і ўшанаваны.

 

 

 

Цёпла віншавалі калег, ветэранаў педагагічнай працы і ўсіх прысутных з прафесійным святам намеснікі дырэктара ліцэя Вайцех Антонавіч Аляксей і Святлана Станіславаўна Марчукевіч, старшыня прафкама навучальнай установы Святлана Аляксандраўна Лунгу. А колькі музычных віншаванняў, гумарыстычных сцэнак-мініяцюр, узнёслых паэтычных слоў прыгатавалі да гэтага дня самі навучэнцы ліцэя! Мерапрыемства прайшло, што называецца, на адным дыханні.

 

 

Калегі ад душы парадаваліся і за высокія дасягненні таварышаў па працы. Так, выкладчыца матэматыкі і інфарматыкі Тамара Раманаўна Ардынец за шматгадовую і плённую педагагічную дзейнасць узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а майстар вытворчага навучання Часлаў Вацлававіч Плаўскі – граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

 

 

 

Сёння ў Шчучынскім сельскагаспадарчым ліцэі займаюцца 164 навучэнцы, 71 з іх – першакурснік. Тут ганарацца, што з амаль 80 сёлетніх выпускнікоў больш за дзясятак рабят паступілі ў ВНУ і каледжы, каб працягваць адукацыю, а астатнія ўліліся ў шэрагі працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Шчодра дзеляцца з выхаванцамі сваімі ведамі і досведам 28 супрацоўнікаў з ліку інжынерна-педагагічнага саставу. Гэта ім сёння ліцэісты прысвяцілі імпрэзу з красамоўнай назвай “Ганаровае імя – настаўнік”.

 

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!