Падведзены вынікі віктарыны! | Дзяннiца

Падведзены вынікі віктарыны!

Версия для печатиВерсия для печати

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама вызначыў пераможцаў віктарыны “Захаваем нашу гістарычную спадчыну”,  прымеркаваную да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

На жаль, ніхто з 9 чалавек, якія прынялі ўдзел у віктарыне, не змог правільна адказаць на ўсе пытанні. Найбольшую цяжкасць выклікала пытанне, якое тычылася той даты, калі Васілішкі былі горадам. Правільны адказ -- 1506 год (С. Данскіх "Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі", раздзел ІІІ, стар. 36).

 Пяць першых удзельнікаў: Таццяна Трахімчык, Вольга Аброшка, Аляксандр Янковіч, Марыя Васільеўна Барыш і вучні 9 класа Навадворскага дз/с-СШ Вераніка Будзько, Алеся Хваль, Віталій Багдзевіч і Таццяна Шыша, якія дапусцілі ўсяго памылку, атрымаюць прызы.

Правільныя адказы віктарыны:

1. Сучасная назва населенага пункта Шчучынскага раёна, які ўпершыню ўзгаданы ў Іпацеўскім летапісе пад 1253 годам як славянская крэпасць на Нёмане, -- вёска Турэйск.

2. У вёсцы Бершты ў 1496 годзе адбыўся Сойм, падчас якога вялікі князь Аляксандр падпісаў прывілей на наданне гораду Гродна Магдэбургскага права.

3. Васілішкі былі названы ў пісьмовых крыніцах горадам (“местам”) у 1506 годзе.

4. Касцёл Пятра і Паўла ў аграгарадку Ражанка першапачаткова будаваўся як пратэстанцкая кірха. У сярэдзіне ХVII стагоддзя ён стаў каталіцкім, а пасля перабудовы ў 1827 годзе паводле праекта архітэктара Х. Марконі лічыцца адным з першых у Беларусі помнікаў рэтраспектыўна-гатычнага стылю. 

5. 8 сакавіка 1706 года шведскі кароль Карл ХІІ ледзь не патануў, праваліўшыся пад лёд на Нёмане каля Орлі.

6. Як вядома, у 1761 годзе Шчучын атрымаў прывілей на Магдэбургскае права. На сучасным гербе горада адлюстравана манаграма са старажытнай пячаткі, якая складаецца з лацінскіх літар І і S, што абазначаюць імя колішняга ўладальніка горада Ігнація Сцыпіёна. 

7. У 1786 годзе ў Жалудку нарадзіўся знакаміты вучоны-заолаг, заснавальнік айчыннай арніталогіі -- Канстанцін Тызенгаўз.

8. У 1841 годзе ў радавым маёнтку Мількаўшчына нарадзілася знакамітая польская пісьменніца Эліза Ажэшка. Яе хрысцілі ў  Каменскім касцёле.

9. У 1887 годзе Людвік Заменгоф стварыў эсперанта – штучную мову для міжнародных зносін. Аўтарам “Эсперанта-беларускага слоўніка”, а таксама старшынёй Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, адным з заснавальнікаў і рэдактарам часопіса “Беларускі летапіс” быў Вацлаў Іваноўскі.

10. У 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу была заснавана першая легальная беларуская выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”, дзякуючы дзейнасці якой было выдадзена 38 кніг агульным накладам больш за 100 тысяч асобнікаў. Узначаліў управу суполкі Фелікс Стацкевіч.

11. Убачыць сонечны гадзіннік, выраблены майстрам Малецкім ў Вільні ў другой палове XVIII стагоддзя, можна ў вёсцы Ішчална.

12. Першая вядомая назва гэтага населенага пункта – Забалоцце. Аднак на працягу сваёй гісторыі яна змянялася ажно 6 разоў. Сёння гэты населены пункт -- аграгарадок Першамайск.

13. На тэрыторыі Шчучынскага раёна знаходзіцца аб’ект, які праходзіць праз тэрыторыю 10 еўрапейскіх краін і ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Гэта Дуга Струве, геадэзічны пункт “Лапаты”.

14. Пазнайце партрэты вядомых землякоў і запішыце іх імёны:

В.Урублеўскі А.Пашкевіч Ч.Немэн

К.Альхімовіч
В.Блакіт
(Болтач)
В.Александроўская
(Грудзінская)

15. Правільныя адказы:

Сцяпан
Пятровіч
Шупеня
Першы сакратар Шчучынскага райкама партыі
18 красавіка 1943 года ўзначаліў партызанскае злучэнне Шчучынскай зоны
Валянцін
Валянцінавіч
Аляксандраў
Воін-дэсантнік, партызан брыгады імя Ленінскага камсамола
Гераічна загінуў 14 лістапада 1943 года ў баі з гітлераўцамі каля вёскі Пілаўня
Васіль
Якаўлевіч
Пярвушын
Савецкі танкіст
13 ліпеня 1944 года першым уварваўся ў Шчучын на танку Т-34