Разабрацца і дапамагчы | Дзяннiца

Разабрацца і дапамагчы

Версия для печатиВерсия для печати

На суботнюю прамую лінію да старшыні райвыканкама С.В. Ложэчніка патэлефанавалі 15 чалавек

І кожнага Сяргей Васільевіч уважліва выслухаў. Па ходу правядзення прамой лініі звязваўся з кіраўнікамі некаторых службаў, даваў даручэнні вывучыць сітуацыю і абавязкова дапамагчы людзям.

Так, жыхар аграгарадка Васілішкі наракаў на непрыдатнасць пашы для выпасу кароў з асабістых падвор'яў:

– Абяцалі перазалужыць гэты ўчастак ля лазні, але так нічога і не зроблена.

Сяргей Васільевіч паабяцаў, што сітуацыя зменіцца. Развіццю падсобных гаспадарак павінна ўдзяляцца належная ўвага.

Патэлефанавала кіраўніку раёна і шматдзетная матуля з СВК "Орля", якая хацела б выкарыстаць "сямейны  капітал" для прыватызацыі "калгаснага" дома, у якім жыве. Як вядома, гэта дапамога дзяржавы па заканадаўстве можа быць выкарыстанай толькі пры дасягненні дзецьмі 18-годдзя.

Жыхары аграгарадка Тапілішкі ўздымалі пытанне больш зручнага руху гарадскога аўтобуса, а яшчэ – аднаўлення работы лазні.

Аднак самымі актыўнымі ў адкрытым дыялогу з уладай былі гараджане, асабліва жыхары вуліцы Астроўскага. Тамара Паўлаўна папрасіла кіраўніка раёна пасадзейнічаць, каб на прыпынку гарадскога аўтобуса ля новых могілак устанавілі лаўкі і навес ад непагадзі.

Дыяметральныя прапановы гучалі ад жыхароў Астроўскага мікрараёна наконт імправізаванага міні-рынка, дзе гаспадыні гандлююць вырашчаным на ўласным агародзе. Камусьці гэта перашкаджае з-за непажаданага руху ды шуму, а камусьці так дарэчы!

– Я інвалід, не магу дайсці да цэнтра горада, а тут так зручна купляць зяленіва ды гародніну. А яшчэ варта адрадзіць у гарадку фірменную краму "Пеўнік" мясцовай птушкафабрыкі. Яе прадукцыя заўжды карысталася попытам, – выказаў сваю прапанову Франц Вітольдавіч.

Кіраўнік раёна паабяцаў падтрымаць гэтыя прапановы.

А вось у абурэнні выгулам сабак у скверы ля стадыёна, дзе побач дзіцячы садок і старажытны палац, – тут ужо жыхары вуліцы Астроўскага праявілі адзінства і салідарнасць. Так быць не павінна.

– Адведзена ж спецыяльная тэрыторыя за магазінам "Крышталь", каб гуляць з сабакамі. Тут варта паўздзейнічаць на парушальнікаў правілаў утрымання хатніх жывёл, – лічаць гараджане.

Увогуле суботняя прамая лінія праходзіла дынамічна: званок паступаў за званком. Па-ранейшаму самымі тыповымі былі пытанні да жыллёва-камунальнай службы. Хтосьці засумняваўся ў аб'ектыўнасці лічбаў у атрыманых жыроўках, хтосьці наракае на якасць уборкі ў пад'ездах або не хоча мірыцца з супярэчлівай сітуацыяй: падваламі карыстаюцца жыхары іншых дамоў, а для сваіх жыльцоў не хапае. Да таго ж, людзям хочацца бачыць свае двары больш добраўпарадкаванымі, дагледжанымі. Патрабуецца больш увагі надаваць азеляненню.

–  Безумоўна, мы ўважліва разбярэмся ў кожным узнятым пытанні, – запэўніў дырэктар РУП ЖКГ Дз.В. Казаноўскі, які таксама дзяжурыў на прамой лініі. – Аднак вельмі хочацца, каб і самі жыхары актыўней прымалі ўдзел у пасадцы дрэўцаў і кветак ля сваіх дамоў. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам па-сапраўднаму ўтульнымі зрабіць нашы мікрараёны.

У той жа дзень С.В. Ложэчнік і Дз.В. Казаноўскі выехалі па самых "трывожных" адрасах, каб на месцы разабрацца і дапамагчы людзям. А кожнаму, хто патэлефанаваў на прамую лінію, будзе дадзены адказ на пастаўленае перад раённай уладай пытанне.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.