На такіх людзях вёска трымаецца. Жыхары аграгарадка Скрыбаўцы Іван і Ларыса Сняжко – пра свой жыццёвы выбар

 

За акном аўто – аграгарадок Скрыбаўцы. Дабротныя сядзібы, яркія палісаднікі, чыстыя падворкі. Прыгожа, ціха, утульна. Усё зроблена з разлікам на доўгае, шчаслівае, без узрушэнняў і трывог жыццё. Хочацца выйсці з машыны і пазнаёміцца з руплівымі гаспадарамі і гаспадынямі, пагаварыць з імі пра жыццё і яго галоўныя складнікі. Упэўнена, яны вядомы кожнаму чалавеку, які сваімі рукамі і розумам стварае ўласны дабрабыт.

 

Мае развагі і жаданні перапыняюцца, бо машына спыняецца ля двух крыжоў. Праз некалькі крокаў ад святынь – вялікі дом, дзе і жывуць людзі, пра якіх захацелася расказаць. Прызнаюся, па падказцы. Яшчэ летась адзін з механізатараў саўгаса “Вялікае Мажэйкава” настойліва раіў: “Вы пра нашага Сняжко напішыце! Гэта ж зваршчык ад Бога!”. Я тады паабяцала. І як толькі надарыўся выпадак, вырашыла пазнаёміцца з гэтым чалавекам і яго сям’ёй.

 

Іван Анатольевіч Сняжко да такіх хвалебных слоў не прывык. Сціплы чалавек адмаўляўся ад сустрэчы. Маўляў, нічога асаблівага, працую, як усе. Прыйшлося дзейнічаць абходнымі шляхамі – праз жонку. З Ларысай Аляксандраўнай і пагутарылі, пакуль чакалі гаспадара дома з працы.

 

 

Гэта звычайная сям’я – з тых, на якіх і трымаецца беларуская вёска. Іван родам са Скрыбаўцаў, Ларыса – з суседніх Аленкаўцаў. Дарэчы, у верасні споўніцца 15 год, як яна прыйшла на працу на чыгуначную станцыю “Скрыбаўцы”, дзе наводзіць чысціню і парадак у памяшканні і на прылеглай тэрыторыі. Яны з Іванам ведалі адзін аднаго са школы. Тут, на сваёй зямлі, спатрэбіліся і прадоўжылі род. Пажаніўшыся, расказвае Ларыса, жылі спачатку з маці мужа (бацькі на той час ужо не было на гэтым свеце). Свякроў, якая працавала ў школьнай сталовай, навучыла нявестку гатаваць.

 

Дзеці ў Сняжко ўжо дарослыя: Дзмітрый і Юлія жывуць у Гродне. Сын вывучыўся на газаўшчыка, але выбраў службу, а дачка – юрыст, цяпер у водпуску па доглядзе дзіцяці. Калі ўнучка Аліса падрасце, прастору ў доме бабулі і дзядулі, каб пагуляць і пабегаць, малой хопіць з ліхвой. Дом досыць вялікі – больш за сто квадратных метраў. “Яго нам выдзеліла гаспадарка, дзе муж працуе каля 30 год, -- расказвае Ларыса Сняжко. – Унутры -- чатыры пакоі, ёсць усе камунальныя выгоды”. А побач з домам – вялікі кавалак зямлі. Пры ўваходзе на падворак гаспадыня разбіла кветнік, далей растуць пладовыя дрэвы.

 

Гаспадарлівыя людзі трымаюць і кароўку. Зорка днём на пашы, яна – карміцелька не толькі для сям’і Сняжко. Свежае малачко ацаніла каля дзясятка жыхароў вуліцы Усходняй. “Па малако прыходзяць пенсіянеры і жанчыны, у якіх ёсць малыя дзеці, -- зазначае Ларыса. – І ім добра, і мне капейка не лішняя”. А каб занятым на рабоце людзям галава не балела, як пракарміць рагулю зімой, саўгас забяспечвае сенам у рулонах. З умовай, што цялятка ад Зоркі здадуць у гаспадарку.

 

Наша з гаспадыняй размова перапыняецца, бо з саўгаснай майстэрні вяртаецца Іван Анатольевіч. Расказвае, як прайшоў чарговы рабочы дзень:

 

--  Самі разумееце, уборка – пара гарачая. І людзям цяжка, ды і тэхніка працуе з раніцы да вечара, часам выходзіць са строю. Работы хапае і ў майстэрні, і на полі. Сёння вось варыў жатку камбайна…

 

Работа яму падабаецца, сцвярджае Іван Сняжко. Жадання з’ехаць у горад ніколі не ўзнікала. Некалі на мясцовым рамзаводзе вывучыўся на газаэлектразваршчыка. Пачынаў працоўную дзейнасць  у эксперыментальнай базе “Усход”, якая пазней увайшла ў склад КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава”. За гады працы стараўся ўдасканаліць майстэрства. Прычым, “газаэлектразваршчык” – не адзіная яго спецыяльнасць: у школе атрымаў правы трактарыста, а ў ДТСААФ – вадзіцеля.

 

Іван Анатольевіч заспяшаўся: сонца хілілася за гарызонт, а спраў на вялікай гаспадарцы многа. У прыватнасці, трэба было прыбраць з падворка зерне: нядаўна абмалацілі пшаніцу, што выспела на ўчастку. На дапамогу прыйшоў і бацька Ларысы Аляксандр Канстанцінавіч. Дарэчы, у мінулым ён таксама газаэлектразваршчык. Нядаўна мужчына аўдавеў… У вялікім смутку па маці і дочкі (сястра Ларысы таксама жыве ў Скрыбаўцах). Без мамы чалавеку як без крыла…

 

Але і падстаў для пазітыву таксама шмат. Найперш тое, што побач з Ларысай Аляксандраўнай -- надзейны мужчына. “Пашанцавала з мужам, -- пагаджаецца яна. -- Ваня працавіты, гаспадарлівы, клапатлівы, спакойны. Нашы дзеці, пакуль раслі, нічога дрэннага ў сям’і не бачылі”.

 

“Можна жыць у вёсцы”, – запэўніваюць мае новыя знаёмыя. Можна, калі ў цябе ёсць жаданне працаваць і разуменне: дастатак з неба не падае, гэта рэзультат тваіх старанняў. І не інакш.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!